Адзіны ў Беларусі музей пахаў і водараў адкрылі ў Гродне

1 ноября 2017

Кожны экспанат закансерваваны ў шкляныя пасудзіны або змешчаны ў сашэткі - такім чынам водары амаль не перасякаюцца ў прасторы. У экспазіцыю ўвайшло каля 70-ці розных траў, каранёў і пладоў, якія растуць на тэрыторыі Беларусі. Тут ёсць і канцэнтраваны водар півонь, сухацвету, мацярдушкі, у асобных сашэ сабраныя і цалкам традыцыйныя пахі: кропу, лаванды, часнаку.

Пакуль гэта першая экспазіцыя, дзе можна не толькі паглядзець, але і ўдыхнуць калекцыю. Дарэчы, усе прадметы збіралі педагогі і навучэнцы адукацыйнага цэнтра. Экскурсіі адкрытыя як для школьнікаў, так і дарослых наведвальнікаў. У наступным сезоне лік духмяных экспанатаў плануюць павялічыць.