"Еўфрасіння", "Яніна", "Рагнеда" і "Паўліна" - больш як 100 тон перадавых тэлетэхналогій ва ўбранні колеру васілька

7 мая 2020
Аб героях нябачнага фронту, а дакладней - аб людзях, хто працуе не толькі ў кадры, але і па той бок экрана. Так, калегі! Гэта наша свята. І той самы момант, калі некалькі хвілін у эфіры можам прысвяціць абсалютна ўсім, хто мае дачыненне да тэлебачання, радыё і сувязі. Як і трэба, гэткую важную падзею мы сустракаем на рабочых месцах. А як інакш? Бо наша мэта - дарыць вам - нашым гледачам - падарункі. Дапамагаюць у гэтым і сучасныя тэхналогіі. Напрыклад, кожны год Белтэлерадыёкампанія ўдасканальвае свой тэхнічны складальнік: у гэтым сезоне цалкам мадэрнізавалі студыю "300", з якой зараз і вяшчаем, а трансляваць усе мерапрыемствы нацыянальнага маштабу дапамагаюць 4 найноўшыя перасоўныя тэлевізійныя станцыі. Чым зараз жывуць машыны з гучнымі славянскімі імёнамі - раскажа Вольга Мядзведзь.

"Еўфрасіння", "Яніна", "Рагнеда", "Паўліна" - больш як 100 тон перадавых тэлетэхналогй

"Еўфрасіння", "Яніна", "Рагнеда" і "Паўліна" - больш як 100 тон перадавых тэлетэхналогій ва ўбранні колеру васілька. Першакласныя машыны для ажыццяўлення трансляцый любой складанасці ўжо паказалі сваю моц падчас правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Але тайна за кожнай платформай замацавалася сваё прызначэнне. Напрыклад, "Еўфрасінню" часцей можна сустрэць на сур'ёзных падзеях дзяржаўнага маштабу… 

Андрэй Калячка, намеснік галоўнага дырэктара - дырэктар дырэкцыі тэхнічнага забеспячання вяшчання Белтэлерадыёкампаніі: "Еўфрасіння" была першай машынай, якую мы атрымалі ў рамках нашай тэхнічнай мадэрнізацыі, што праводзіцца ў Белтэлерадыёкампаніі. Першая, пэўна, машына і самая любімая ў нас атрымалася, самыя дасведчаныя людзі пайшлі туды  раней, пачалі вучыцца, больш было часу для трэніроўкі. І так склалася, што, калі настаў час асвятляць нейкія падзеі асабліва важныя, якія маюць вялікае дзяржаўнае значэнне, "Еўфрасіння" і стала забяспечваць такія трансляцыі".

У кожнай ПТС - сваё прызначэнне

Паступова на такія ж значныя мерапрыемствы падключаюць і "Яніну". "Рагнеда" - адказная за творчы сегмент. На гэтай машыне пішуць канцэрты, спектаклі, фестывалі. А вось "Славянскі базар" на сябе ўзяла "Паўліна", гэтую ж ПТС часцей задзейнічаюць і ў спартыўных эфірах. У камплекце з кожнай платформай ішоў так званы флайпак - мабільныя студыі з 4 камерамі. Іх магчымасць працаваць асобна ад асноўнай платформы вельмі дапамагае падчас стварэння пазастудыйнага кантэнту міні-фармату. 
У сярэднім кожную ПТС абслугоўвае брыгада ў 7 чалавек: ад начальніка змены, які ведае ў машыне кожны вінт, да інжынераў. Гэта спецыялісты не толькі тэхнічна падкаваныя… Работнікі ПТС павінны быць гатовыя да любога форс-мажору. Напрыклад, падчас шляху, натыкнуўшыся на перашкоду на дарозе (камень або яму), нешта пашкодзілася. Эфір на грані зрыву. На рашэнне праблемы няма часу і абмежаваныя рэсурсы. 

Усе ПТС на сваіх пазіцыях і гатовыя да параду ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі

Яшчэ раніцай тэлебачанне на колах адпачывала ў яблыневым садзе ўнутранага панадворка Белтэлерадыёкампаніі. Рэдкія хвіліны адпачынку - у кветках, нібы ў бутаньерках. Але ў гэтыя хвіліны "Еўфрасіння", "Яніна" і "Рагнеда" ўжо на пазіцыях. Менавіта дзякуючы ім парад у гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі ўбачаць у кожным доме і нават за межамі краіны. Пакажам дзейства з усіх ракурсаў - задзейнічаная 31 камера: краны на 5, 15 і нават 23 метры, каляска, стадыкам сігвэй, квадракоптары і міні-камеры ля ног тых, хто маршыруе.