Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД, ушанаванне беларускіх алімпійцаў, мінскія перамовы "нармандскай чацвёркі" і, вядома ж, інаўгурацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дэкарацыямі для самых галоўных не толькі ў краіне, але і свеце, палітычных падзей і цэнтрам самых папулярных навін з'яўляецца сталічны адрас праспект Пераможцаў,12. Палац Незалежнасці - гэтаму не проста месцу сустрэчы знакавых асоб, але і сімвалу беларускай дзяржаўнасці, ужо два гады. І вось сёння ў сценах статуснага будынка адбылася падзея, якая некалькі зменіць стэрэатыпнае ўяўленне аб яго закрытасці і афіцыяльнасці. Палац шырока расчыніў свае дзверы і запрасіў на экскурсію. Так нараджаецца новы праект, які мае намер стаць традыцыйным
Расказвае Наталля Бардзілоўская.
Ён цалкам з айчынных матэрыялаў. Пабудаваны беларусамі і аформлены беларускімі майстрамі. Стратэгічны аб'ект і адзін з самых уражлівых архітэктурных будынкаў краіны - Палац Незалежнасці быў задуманы і павінен быць адкрыты для ўсіх беларусаў. Такі акцэнт сённяшняй экскурсіі, якая, можа, не першая публічная, але менавіта яна ўводзіць адкрытыя даступныя сустрэчы з Палацам у пэўную рытмічнасць.
У дзверы, за якімі прымаюцца лёсавызначальныя рашэнні, большасць з іх сёння ўвайшлі ўпершыню. Заслужаныя людзі Міншчыны: настаўнікі, урачы, спартсмены, дзеячы культуры і перадавікі вытворчасці. Больш як 50 экскурсантаў. Сярод іх адзінкі, але ёсць тыя, хто ўжо знаёмы з інтэр'ерам гэтых сценаў: удзельнічалі ў дзяржаўных цырыманіялах, атрымлівалі ўзнагароды з рук Кіраўніка дзяржавы. Але такой прагулкі па палацы яшчэ не бачыў ніхто з іх. Тры паверхі і дзясяткі зал непаўторнага дэкору і самага рознага прызначэння.
Зала ўрачыстых цырымоній - у класічным стылі. З акна - агляд на плошчу Дзяржаўнага флага. Ледзь больш як месяц таму менавіта ў гэтых сценах прайшла інаўгурацыя Прэзідэнта. А сёння ля святочнай навагодняй ёлкі фатаграфаванне на памяць усіх ахвочых і імправізаваны вернісаж па маляўнічай галерэі палаца. Палотны ў ёй - дар ганаровых гасцей, кіраўнікоў дзяржаў беларускаму лідару. Але галоўнае ўпрыгажэнне галоўнай залы - копія слуцкага пояса, сведчанне шанавання нашай гісторыі і культурнай спадчыны.
У лютым 2015 года без перабольшання ўвесь свет з надзеяй глядзеў на гэтую Зялёную залу палаца Незалежнасці, дзе пасля 15-гадзінных перамоў "нармандская чацвёрка" падпісала найважнейшыя дакументы. Сёння прысесці за гэты круглы міратворчы стол, як і прымерыцца да крэслаў доўгіх сталоў у залах рабочых нарад Прэзідэнта, выпала ўнікальная магчымасць для артыстаў, брыгадзіраў сельгасвытворчасцяў і шматдзетных мам.
Экскурсія для шырокага гледача - не першы вопыт Палаца. Пробны крок адбыўся гэтым летам, калі дэлегацыя студэнтаў з 15 краін у рамках міжнароднага форуму была запрошаная ўбачыць усю гэтую прыгажосць. Той моладзевы візіт стаў пачаткам вялікага экскурсійнага праекта, які і ўступіў у сілу сёння.













