Двор, дзе стаянка з'явілася неспадзявана

10 октября 2013

А доўгачаканы дзіцячы комплекс два гады існуе толькі на паперы. З такімі цудамі сутыкнуліся жыхары вуліцы Ілімскай Заводскага раёна сталіцы. Дадатковыя машынамесцы прыйшліся дарэчы. Але жадаючых прыпаркавацца на новай стаянцы па-ранейшаму чарга. На месцы разбіралася ў праблеме Марына Мураўёва.



Новая паркоўка не можа не радаваць жыхароў 12-га дома па вуліцы Ілімскай. Але ж яе з'яўленне не вырашыла праблему аўтаўладальнікаў. Месцаў усяго 12 і да гэтага часу не зразумела, хто мае на іх права. Практычна палова жыхароў дома нават не ведалі, што яе плануюць будаваць.


Адміністрацыя ЖЭСа сцвярджае, паркоўка будавалася са згоды жыхароў дома - гэта і ёсць той 51% апытаных. Потым спіс жадаючых скараціўся да 12 чалавек. Яны прынялі ўдзел у долевым будаўніцтве стаянкі, заплацілі амаль 5 мільёнаў рублёў. І менавіта гэтыя людзі зараз не разумеюць, чаму каля іх машынамесцаў чарга суседскіх аўто.


Да адміністрацыі ЖЭСа ў жыхароў праблемнага двара шмат пытанняў. Чаму праінфарміравалі не ўсіх, хто мае права паркавацца, і самае важнае, як людзі трапілі ў спіс жадаючых. Кіраўніцтва жыллёвай службы запэўнівае, што ўсё зроблена згодна з законам.


У той час, як паркоўка з'явілася зусім нечакана, пытанне новай дзіцячай пляцоўкі ўсё на той жа Ілімскмай, як кажуць, павісла ў паветры.


Два гады таму на гэтым месцы павінен быў з'явіцца сучасны дзіцячы комплекс. Доўгачаканая горка, пясочніца і арэлі на той час каштавалі 15 мільёнаў рублёў. Палову гэтай сумы бацькі былі гатовыя выплаціць самастойна. Але нават і на гэтых умовах комплекс так і не з'явіўся. Каб хутчэй змяніць сітуацыю, бацькі самі распрацавалі гульнявы праект, абмеркавалі суму з ЖЭСам. Але ж ініцыятыва застыла ў паперах на сталах чыноўнікаў.


Год таму ад жыллёвай службы прыйшоў ліст. Маўляў, абсталяванне для комплексу закуплена. Але замест яго каля дома з'явіліся бюджэтныя арэлі і горка. Дырэктар ЖЭСа запэўнівае, гэта часовая з'ява. Побач з новай паркоўкай абавязкова усталююць даўгачаканы дзіцячы гарадок. Толькі вось дату не абазначыў.