Амаль двое сутак спатрэбілася аварыйным брыгадам, каб адрамантаваць водаправод у сталічным мікрараёне Сухарава. Нагадаем, у выніку парыву трубы на вуліцы Мачульскага ўтварыўся гарачы гейзер. Слуп вады дасягаў 4 метраў. І ўсё ж дзякуючы аператыўным дзеянням парушэнні ў працы магістралі не паўплывалі на цеплазабеспячэнне спажыўцоў. Аб прычынах і наступствах гідраўдару - матэрыял Аляксандра Хараўца.
Cталічны філіял даліны гейзераў утвараўся фактычна на вачах Сяргея Віцько.
Мужчына вяртаўся дахаты, калі за 10 метраў ад сябе ўбачыў невялікі ключ, які за лічаныя хвіліны ператварыўся ў сапраўдны фантан.
Раён вуліцы Мачульскага паступова ператвараўся ў саўну. Тэмпература вады дасягала 90 градусаў. На месца здарэння аператыўна прыбылі аварыйныя брыгады. І пакуль спецыялісты перакрывалі ваду, яшчэ адзін відавочца Юрый Мельнік дапамагаў пешаходам абыходзіць небяспечны ўчастак.
На дзве гадзіны жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў засталіся без гарачай вады ў дамах. На час ліквідацыі парыву былі ўключаны рэзервовыя крыніцы цеплазабеспячэння.
Работы па аднаўленні пашкоджанага ўчастку працягваліся амаль 2 сутак, працавалі 3 аварыйныя брыгады.
Вось пашкоджаны ўчастак трубаправода. Як бачна, прычына аварыі ў фізічным зносе металу. Замест патрэбных 12 міліметраў - таўшчыня сценак тут складае максімум 3. Таму напор вады з лёгкасцю вызваліўся ад металічных ланцугоў і накіраваўся вонкі.
Зараз кіпень зноў бурліць у гэтай трубе. Спецыялісты цеплавых сетак пераконваюць, у выпадку калі да іх звернуцца пацярпелыя ад аварыі, усе выдаткі па аднаўленні маёмасці яны возьмуць на сябе.
І ўсё ж гарачыя гейзеры пакінулі пасля сябе шмат гразі. Работы па добраўпарадкаванні сумежнай тэрыторыі спецыялісты абяцаюць завяршыць да серады.