Рух на двух пуцеправодах МКАД адкрыты на месяц раней

7 октября 2019

Добрая навіна для аўтааматараў. Адноўлены рух адразу на двух пуцеправодах МКАД: на 3-м кіламетры знешняга кальца (у раёне вуліцы Францыска Скарыны)  і 25-м кіламетры ўнутранага кальца (на скрыжаванні  з вуліцай  Напалеона Орды). Рух там быў  абмежаваны з пачатку года. Вадзіцелі добра памятаюць, у якія заторы  можна было трапіць на гэтых двух участках кальцавой.

Расказвае Надзея Сербіненка.

Рамонт гэтага пуцеправода  ў раёне вуліцы Францыска Скарыны і Парка высокіх тэхналогій   сур'ёзна ўскладняў трафік на МКАД. Работы  па замене бэлек і дэмантажы старога асфальта-бетонавага пакрыцця   вяліся з пачатку года. У выніку   праехаць   тут (асабліва ў час  пік)  было даволі цяжка. Але зараз сітуацыя кардынальна змянілася. 

Гэта сёння машыны па пуцеправодзе едуць з хуткасцю 90 кіламетраў  за гадзіну. Але яшчэ летам дарожная сітуацыя на двух участках МКАД была вельмі складанай.

У  час  пік заторы дасягалі двух кіламетраў даўжынёй. Дзевяцібальныя  пробкі нервавалі вадзіцеляў   і, верагодна, падганялі мостабудаўнікоў працаваць хутчэй. 

Капітальны рамонт двух пуцеправодаў пачаўся ў студзені. Будаўнікам  трэба было замяніць усе апорныя бэлькі, пакласці новае пакрыццё, абнавіць агароджы. Работы вяліся нават ноччу. 

Як вынік -  з завяршэннем рамонту   будаўнікі  справіліся на месяц раней за запланаваны тэрмін. 

Зараз абодва пуцеправоды адкрыты  для руху на ўсю шырыню кальцавой. Новыя канструкцыі адпавядаюць усім патрабаванням бяспекі.  Пасля завяршэння работ на гэтых аб'ектах Гардарбуд пачне  абнаўленне іншых мастоў. За найбліжэйшыя тры гады ў Мінску яшчэ 12 мастоў пройдуць рэканструкцыю.