Сёння пачынаецца прыём дакументаў у ВНУ так званага першага патоку. Што неабходна ўзяць з сабою абітурыентам, якія мараць стаць ваеннымі, міліцыянерамі або артыстамі?
Улада Карніцкая вывучыла правілы прыёму ў сілавыя і культурныя вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. Заява, атэстат, арыгіналы сертыфікатаў ЦТ і медыцынская даведка. Плюс - шэсць фатаграфій. Гэта - асноўныя дакументы, якія неабходна сёлета падаць у прыёмную камісію тым, хто марыць стаць студэнтам адной з творчых ВНУ краіны.
У сваю чаргу, шанцы стаць курсантам - гаворка ідзе ўжо пра ВНУ сілавых ведамстваў - будуць вышэйшымі, калі асноўны пакет дакументаў звольненыя ў запас дапоўняць, напрыклад, рэкамендацыяй з воінскай часці. Для непаўналетніх абітурыентаў абавязковая ўмова - пісьмовая згода бацькоў. Усяго ж сёлета больш за паўсотню ВНУ краіны гатовыя выпісаць першыя студэнцкія білеты амаль 90 000 абітурыентаў, з іх - прыкладна 30 000 - на бюджэт.
Рэйтынг і колькасць пададзеных дакументаў у дакладных лічбах будуць паказвацца на спецыяльным электронным табло. Такія экраны ёсць сёння амаль у кожнай беларускай ВНУ. Апошнія звесткі таксама будуць з'яўляцца і ў Інтэрнэце. Інфармацыя ў гэтых крыніцах абнаўляецца кожныя тры гадзіны да 18:00.
Апошні дзень прыёму дакументаў у ВНУ Мінабароны, МУС і МНС - 15 ліпеня, творчыя ўніверсітэты і інстытуты завершаць прыём на два дні раней. Дарэчы, нават калі апошні дзень падачы дакументаў выпадае на нядзелю, прыёмная камісія працуе ў звычайным рэжыме - з 9 раніцы да 6 вечара.














