Дзве сотні экскурсій адбылося падчас "Фэсту экскурсаводаў"

24 апреля 2018

Пазнавальныя праменады. Дзве сотні - менавіта столькі экскурсій адбылося падчас "Фэсту экскурсаводаў". Карысныя вандроўкі здзейснілі больш за тры тысячы чалавек. Своеасаблівай справаздачай для ўдзельнікаў краязнаўчага праекта і тых, хто цікавіцца культурай і традыцыямі нашай краіны, стала Беларуская інтэлектуальная гульня.

Адкуль пайшла назва Івянца, і які нацыянальны здабытак стаў натхненнем для аздаблення ліхтароў ля ратушы.

Наталля Кузьміцкая паспрабавала адказаць на пытанні квіза. Палескія рабінзоны, білінгва, бацюхна Нёман - усё гэта не вольны пералік назоўнікаў, а назвы каманд сапраўдных знаўцаў беларускай версіі “Што? Дзе? Калі?”.

Сярод вопытных гульцоў сёння і пачаткоўцы - каманды Нацыянальнага агенцтва па турызме, дэпартамента па турызме, экскурсаводаў. Вядома, складана будзе пасапернічаць з тымі, у каго веданне нацыянальнай культуры – прафесійны здабытак.

"Фэст экскурсаводаў" сёлета быў прымеркаваны да Сусветнага дня помнікаў і гістарычных мясцін – пэўную тэму абралі і арганізатары гульні. Мудрагелістыя пытанні на веданне геральдыкі ці беларускай тапанімікі выклікалі гарачыя дыскусіі і запал.

Гульня складаецца з 9 тураў. І гэта сапраўды той выпадак, калі кажуць: галоўнае - не перамога, а ўдзел. Падчас гульні можна не толькі папоўніць сваю скарбонку ведаў, але і знайсці новых сяброў і аднадумцаў. Ці стварыць уласную каманду і паспаборнічаць за трафей Беларускай інтэлектуальнай гульні накшталт "Хрустальнай савы" і тытул самых дасведчаных знаўцаў роднай краіны.