Два мільёны кветак высадзяць у сталіцы. У дызайне клумбаў Мінска беларускія матывы

14 мая 2019

На клумбах матывы слуцкіх паясоў, а на вуліцах  велічныя зубры і лісяня Лесік. Сталічныя  азеляняльнікі пачалі падрыхтоўку да сустрэчы гасцей ІІ Еўрапейскіх гульняў. У найбліжэйшы  час  майстры высадзяць два мільёны кветак і выставяць адзінАццаць тысяч кашпо. Прыгажосці вуліцам дадасць і святочная ілюмінацыя. Пра спартыўны дрэс-код горада  раскажа Наталля Кезік.

Высадзіць два мільёны кветак і ўсталяваць адзінаццаць тысяч вертыкальных кампазіцый у планах азеляняльнікаў на найбліжэйшы месяц. Кветкавую падрыхтоўку да спартыўнага форуму майстры пачалі акурат пасля майскіх святаў. У дызайне праектаў клумбаў сёлета выключна беларускія матывы - арнаменты, птушкі і сімвалы слуцкіх паясоў.

Яркія кветкавыя кампазіцыі ў горадзе дапаўняюць штучныя арт-аб’екты. Трохметровы Лесік ўжо сустракае гасцей на ўездах у сталіцу і ля стадыёна "Дынама". Згуляць у зялёныя шахматы можна на вуліцы Багдановіча, а загадаць жаданне - ля дрэва шчасця ў Камароўскім скверы. Сёлета можна зрабіць сэлфі з зубрамі - магутных жывёлін можна ўбачыць на вуліцы Ульянаўскай. 

Паўтара кіламетра дзюралайту для стварэння трыццаці эмблем стадыёна "Дынама". Такія арт-аб’екты хутка з’явяцца на вуліцах Кірава і Ульянаўскай. Зараз спецыялісты завяршаюць работу над апошняй кампазіцыяй. Для кожнай неабходны металічны каркас, 50 метраў святлодыёднай стужкі і гадзіны карпатлівай работы. 

Яшчэ адна важная місія - асвятліць дарогі, якія вядуць да стадыёна "Дынама", - вуліцы Кірава і Ульянаўскую. Затым спецыялісты пачнуць  усталёўваць рознакаляровыя кампазіцыі на асвятляльных мачтах. 

Астатнія галоўныя пляцоўкі спартыўнага форуму - праспекты Пераможцаў і Дзяржынскага, вуліца Прытыцкага - таксама зазіхацяць больш ярка. Там да ілюмінацыі, якая ўжо ёсць, дададуць яркіх агеньчыкаў і матываў з беларускім акцэнтам. 

Трыццаць матываў - эмблемы стадыёна "Дынама" ў адзінай кампазіцыі дапоўняць яркія абрысы спартсменаў. Яны прадставяць усе віды спорту ІІ Еўрапейскіх гульняў. І іх хутка даставяць у сталіцу. Поўнасцю ж святочная спартыўная ілюмінацыя заззяе ў першыя дні лета.