Два гады, як у Мінску з'явіўся храм Божай Маці Усецарыцы

4 июля 2014

Галоўная яго каштоўнасць - цудадзейны абраз Пантанаса. Для беларускіх вернікаў спіс са славутай афонскай святыні спецыяльна зрабілі афонскія манахі. На набажэнствах у гонар двухгадовага знаходжання абраза прысутнічала Наталля Тарасюк.


Малебен, літургія і крыжовы ход. Для прыхаджан сталічнага храма абраза Божай Маці Усецарыцы сёння асаблівы дзень. Два гады таму дзякуючы намаганням мясцовых святароў, урачоў-анколагаў і іх пацыентаў быў створаны гэты прыход. Галоўная святыня невялічкага храма і часам апошняя надзея для вернікаў - абраз Прасвятой Маці Божай Усецарыцы. Шмат людзей нястомна моляцца перад цудадзейнай іконай.


Абраз Прасвятой Маці Божай Усецарыцы - гэта спіс са славутай святыні, якая знаходзіцца ў храме Ватапеда, аднаго з самых старажытных манастыроў на святой гары Афон. Абраз праславіўся шматлікімі цудамі вылячэнняў ад анкалагічных захворванняў. Кажуць, што нават папяровыя рэпрадукцыі абраза пераймаюць на сябе ласку арыгінала. Шмат хворых пасля малітвы перад спісамі Усецарыцы вылечваюцца.


Манахі са святой гары Афон зрабілі гэты спіс спецыяльна для беларускіх вернікаў. Настаяцель храма кажа, што за два гады па дапамогу звярталіся не толькі хворыя, але і іх родныя, якім таксама патрэбныя духоўныя сілы.


Кірыл Шолкаў, протаіерэй, настаяцель храма іконы Божай Маці Усецарыцы:



Поўны храм народу, поўны храм людзей з адухоўленымі радаснымі тварамі. І як для святара, для мяне гэта вельмі важная вяха. Наш храм будзе яшчэ напаўняцца, і гэта будзе вялікая дапамога людзям, таму што абраз Божай Маці Усецарыцы павінен быць у кожным храме. Для Беларусі вельмі актуальная праблема анкалогіі, а гэты абраз рэальна дапамагае, калі людзі моляцца перад гэтым абразом.



Пра цудадзейную сілу абраза стала вядома яшчэ ў XVII стагоддзі. І сёння вернікі асабліва адчуваюць апеку намоленай вякамі святыні. Маці Божая ў барвовым адзенні сядзіць на царскім троне. На яе каленах - маленькі Ісус.


З раніцы вернікі ішлі, каб паспавядацца і прыняць святую еўхарыстыю. Шмат і тых, каму асабліва патрэбна ўвага і цеплыня. А ўжо заўтра прыхаджане мінскага храма будуць мець магчымасць памаліцца перад абразом Маці Божай Жыровіцкай. Паездку спецыяльна арганізавалі для вернікаў у гонар двухгадовага знаходжання Усецарыцы.