Духоўнае свята ў Будславе

5 июля 2014

Больш як 400 гадоў яна служыць беларусам, прымаючы іх просьбы і выконваючы жаданні. Адна з галоўных каталіцкіх святынь, якую завуць Каралевай Беларусі - цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай - традыцыйна ў сярэдзіне лета збірае паломнікаў у Нацыянальны санктуарый на Мядзельшчыне. Гэтае духоўнае свята даўно стала сімвалам аб'яднання вернікаў розных краін і розных пакаленняў. Кананічныя касцёльныя службы тут мірна ўжываюцца з заўзятымі моладзевымі пілігрымкамі і таемствам малітвы. Сёлета ўдзельнікамі каталіцкага фэсту сталі звыш 30 тысяч чалавек з сямі краін. На духоўным свяце ў Будславе пабывала і Наталля Бардзілоўская.


Пераадолець сотні кіламетраў, ідучы ў Будслаў пешшу пры любым надвор'і… А яшчэ на каленях ад ўвахода ў касцёл да алтара прайсці шлях да іконы Божай Маці. З такіх добраахвотных і самых малых людскіх ахвяр пачынаецца духоўнае свята ў Будславе.



Сёлета - ва ўкленчаным шэсці да Дзевы Марыі прайшлі амаль 30 тысяч паломнікаў. Гэта абавязковы разам са споведдзю рытуал. Нібы роспіс верніка ва ўласнай шчырасці. З пакалення ў пакаленне, колькі абраз служыць беларусам, пра яго перадаецца слава - Маці Будслаўская выконвае ўсе жаданні, вылечвае ад розных хваробаў, даруе грахі.


Сёлета ў Будславе прасілі яшчэ ў адных святынь. Першы раз у Беларусь прыбыла ікона Salus Populi Romani і Крыж Сусветных дзён моладзі.


Сімвал заснаваны яшчэ Папам Іаанам Паўлам Другім, зрэшты, кананізацыю якога ў Будславе сёлета таксама адзначалі асобна. Былым пантыфікам задумана: Крыж як знак любові Хрыстовай менавіта прадстаўнікі новага пакалення павінны праносіць па ўсіх краінах і кантынентах.


Сёлета ў Будславе больш чым трохтысячнае маладзёжнае прадстаўніцтва. Дэлегацыі сабраліся з усіх куткоў Беларусі, з суседніх Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны. Самая гераічная з юнацкіх пілігрымак у Будслаў прыйшла з Баранавіч. Пераадолелі за трыста кіламетраў. Пешшу. За дзевяць дзён.


Бывалыя паломнікі ведаюць: самае прыгожае ў Будславе пачынаецца апоўначы. Плошча ля касцёла і сёлета асвяцілася жывым агнём тысяч свечак, і абраз Святой Дзевы Марыі Будслаўскай праплыў па хвалях людзей прама пад адкрытым небам…