Арнамент велікодных яек - гэта цэлая навука са сваёй гісторыяй і правіламі. Маляванкі афарбоўваюцца ў адзін тон, а дэкаратыўныя элементы вымалёўваюцца пэндзлем. А калі на яйка нанесці рознакаляровыя плямы, то атрымаецца крапанка. А вось пісанкі ствараюць з дапамогай воску. Дарэчы, гэта адна з самых складаных і старадаўніх тэхнік.
Маляўнічыя карціны - на велікодных яйках
Усе ўзоры наносяць вось такой спецыяльнай прыладай у выглядзе невялікай драўлянай палачкі з металічным наканечнікам. На яго набіраюць воск і пачынаюць маляваць. Напрыклад, сонца, зоркі, кветкі, дрэвы. Пры гэтым кожны сімвал мае пэўнае значэнне.
Фантазійныя ўзоры ў тэхніцы пісанкі Таццяна Андрыевіч стварае каля 13 гадоў. Спачатку яна малявала пераважна геаметрычныя фігуры, але з вопытам у яе руках пачалі нараджацца сапраўдныя карціны на шкарлупіне.
Асвоіць тэхніку пісанкі можна і зараз – падчас майстар-класаў, у тым ліку і ў фармаце анлайн. Напрыклад, у Станькаўскім доме майстроў сёння выпусцілі відэаўрок. Усе сакрэты і тонкасці размалёўвання велікодных яек – за 30 хвілін. Захоўваюць пісанкі, маляванкі, крапанкі звычайна ў саламяных кошыках. Таксама можна пакласці рознакаляровыя яйкі ў драўляныя домікі. А вось у якасці дэкору для велікодных кулічоў дызайнеры і мастакі прапануюць тэматычныя надпісы, а таксама розныя сувеніры – сімвалы Вялікадня.













