Старажытнае пахаванне выявілі пошукавікі на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці

24 августа 2017

Першымі на чалавечыя астанкі натыкнуліся будаўнікі, якія пракладвалі інжынерныя камунікацыі да моладзева-патрыятычнага цэнтра. Працы часова прыпынілі. На месца быў выкліканы 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён. Адзначым, тры гады назад на гэтым жа месцы былі выяўлены астанкі шасці чырвонаармейцаў, жанчыны і дзіцяці. Да 1944 года тут размяшчаўся парахавы склеп.

Вадзім Тамілін, археолаг 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Беларусі: "Мы выявілі на глыбіні метра ад першапачатковага пахавання 2015 года чырвонаармейцаў, пахаванне з астанкамі фрагментаў труны і два ўзроўні. Гэта значыць, гэтае пахаванне не адносіцца да перыяду Вялікай Айчыннай вайны. На што паказваюць астанкі жывёл, розныя фрагменты бытавой керамікі".

З зямлі дасталі касцяныя астанкі 4 чалавек. Спецыялісты мяркуюць, магчыма, гэта былі праваслаўныя могілкі - да моманту будаўніцтва Брэсцкай крэпасці.