Дажджы ўзмацняюць паводкі ў Беларусі

15 апреля 2013

У краіне зараз падтоплена больш як 200 будынкаў і больш за тысячу падворкаў. У тым ліку 2 школы, 31 участак дарог і 5  аўтамабільных мастоў. Вада нават падабралася да жылых дамоў у адным з раёнаў Гродна. На Палессі снег амаль растаў, а рэкі ў Гомельскай вобласці прыйшлі ў актыўны рух. У Петрыкаўскім раёне адрэзаны ад цывілізацыі 4 вёскі ў абалоне Прыпяці. Тут заложнікамі вады сталі 250 чалавек. На востраве разгорнуць мабільны штаб. Ратавальнікі, міліцыянеры і медыкі  кругласутачна дзяжураць у небяспечнай зоне. Адна сям'я ўжо эвакуіравана. Зносіны паміж востравам і вялікай зямлёй зараз толькі водныя. Мясцовых жыхароў перавозяць на маторных лодках. У затопленыя вёскі яшчэ напярэдадні завезлі неабходныя запасы прадуктаў. Паводле прагнозаў спецыялістаў,  такая сітуацыя тут прадоўжыцца каля месяца. Пакуль жа ўзровень Прыпяці штодня падымаецца на некалькі дзясяткаў сантыметраў.