Датэрміновае галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў стартавала сёння і прадоўжыцца да 16 лістапада ўключна

12 ноября 2019
Роўна ў 10 раніцы каля шасці тысяч выбарчых участкаў адчынілі свае дзверы. Такі від народнага галасавання прадоўжыцца да 16 лістапада ўключна. З раніцы і да абеду - з двух да чатырох, а пасля да сямі вечара - можна прыйсці і паставіць свой подпіс у бюлетэні. Дарэчы, сёння ж Цэнтрвыбаркам зацвердзіў вынікі выбараў у Савет Рэспублікі. Такім чынам, 56 чалавек сталі сенатарамі сёмага склікання. Яшчэ васьмярых прызначыць Прэзідэнт. 

Аб важнай палітычнай кампаніі раскажа Аляксей Волкаў. 

Сёння ў 10 гадзін раніцы свае дзверы адчынілі выбарчыя ўчасткі па ўсёй краіне - іх каля шасці тысяч. Сам жа конкурс у барацьбе за дэпутацкія мандаты - прыкладна чатыры з паловай чалавекі  на месца.

Свежыя бюлетэні, апячатаныя ўрны і нават невялікія сувеніры для галасуючых упершыню - так пачаўся першы дзень датэрміновага галасавання на ўчастку 529 у Мінску. Тут жа выпрабавалі і важнае ноу-хау - кабінку з прыніжанай стойкай і крэслам - для пенсіянераў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Пачынаючы з сённяшняга дня і заканчваючы суботай, у Беларусі ідзе датэрміновае галасаванне. ЦВК чакае трэць насельніцтва, а вось участак у Гродне, магчыма, і больш. Да моманту адкрыцця ўжо прыйшлі першыя людзі.

Дарэчы, за выбарамі рэспубліканскага маштабу сочаць і міжнародныя назіральнікі - амаль 900 чалавек ад СНД, ПАСЕ і БДІПЧ АБСЕ. Назіранне ідзе спакойна: шоу, як у суседзяў ва Украіне, няма, усё годна і без скандалаў - як раз па-беларуску!

Выбары - адзіная гонка, дзе перамагае большасць. І, дарэчы, першая траса - у Савет Рэспублікі - падышла да канца. ЦВК зарэгістраваў сёмае скліканне. Там чвэрць жанчын, і больш маладых - траім, няма і сарака.

Сама жа кіраўнік Цэнтрвыбаркама не мае намеру парушаць уласнай традыцыі і таксама прагаласуе датэрмінова - ужо ў чацвер. 

Дарэчы, такая з'ява, як датэрміновае галасаванне, - сусветная практыка. У той жа Швейцарыі можна паставіць галачку за пару тыдняў, у дадатак адправіць бюлетэнь поштай. Германія, Новая Зеландыя, краіны Скандынавіі і ЗША. Прыклад - штат Фларыда - 77% "ранніх" выбаршчыкаў у 2012 годзе.

А нашы галасуюць і ў Беларусі, і ў Расіі. Участак 736 у Маскве - пасольства Беларусі праходзіць як Купалаўская выбарчая акруга - месца, дзе ў Мінску МЗС.

516 кандыдатаў, 110 месцаў у парламенце. Асноўны дзень галасавання - 17 лістапада. 

Тады ж даведаемся і прамежкавыя вынікі гонкі за месцы ў Палаце прадстаўнікоў.

Зрэшты, галасуючы, выбаршчыкі заўсёды выяўляюць свае надзеі, і для будучага сёмага склікання гэта вялізная і адказная праца - апраўдаць іх. 


Тэгі:

#Выборы 2019