Дарожная міліцыя перайшла на ўзмоцнены рэжым нясення службы

19 июня 2019

На час II Еўрапейскіх гульняў  дарожная міліцыя перайшла на ўзмоцнены рэжым нясення службы. Каб своечасова даставіць спартсменаў да месцаў правядзення спаборніцтваў (а гэта 12  пляцовак), на праспектах Дзяржынскага і Пераможцаў, на вуліцы Няміга былі абазначаны спецыяльныя палосы для руху транспарту,  што абслугоўвае спартыўны форум. Адпаведныя разметку і лагатып аўтамабілісты ўжо маглі заўважыць. Таксама зменены графікі рэжымаў працы святлафораў. У сувязі з правядзеннем спаборніцтваў у горадзе  плануецца і перакрыцце некаторых вуліц. Ужо закрыты рух па Гарадскім Вале. У ДАІ просяць вадзіцеляў сачыць за новаўвядзеннямі на сайце ведамства. Каб разгрузіць транспартныя патокі на самых буйных развязках і дарогах, будуць працаваць супрацоўнікі ДАІ. 

Грамадскі транспарт падчас спаборніцтваў  таксама будзе ісці па спецыяльных маршрутах. Метро падоўжыць працу да 4 раніцы. У сувязі з няпростай сітуацыяй на дарогах  у ДАІ таксама заклікаюць аўтааматараў скарыстацца паслугамі грамадскага транспарту  і з разуменнем паставіцца да складанага трафіку.