Дом "трыццаць тры няшчасці"

16 октября 2017

Так жыхары называюць сваю трохпавярхоўку па вуліцы Горкага ў Віцебску. І гэта ўжо пасля капітальнага рамонту, які правялі ўпершыню больш чым за паўстагоддзя. Капітальны рамонт даху не прынёс доўгачаканай утульнасці. Вада па-ранейшаму лье на галаву - варта падчас непагадзі адчыніць дзверы пад'езда. Усе недаробкі камунальшчыкі паабяцалі ліквідаваць за найбліжэйшы час. Але разам з гэтай праблемай над жыхарамі навіслі і іншыя. Рэпартаж Марыны Раманоўскай.

Валянціна Калабанава ў доме нумар трыццаць тры па вуліцы Горкага жыве ўжо больш за 50 гадоў. Гаворыць, што лёс гэтай трохпавярхоўкі сапраўды горкі. Калісьці прасторныя кватэры з высокімі столямі лічыліся прэстыжным жыллём. Зараз гэты дом называюць "трыццаць тры няшчасці". Першае, што кідаецца ў вочы, - вялізныя расколіны і разбіты падмурак.

Гэты дом пабудаваны больш чым паўстагоддзя таму. Шмат гадоў, расказваюць жыхары, тут працякаў дах. Два гады таму яго пачалі рамантаваць. У выніку доўгачаканы рамонт стаў для людзей новым галаўным болем.

Тое, што дах за шмат гадоў прыйшоў у непрыгоднасць, пацвярджаюць і гэтыя плямы на столі. Такая карціна, гавораць жыхары, раней была ва ўсіх кватэрах на трэцім паверсе. Перамагчы цвіль і грыбок удалося дзякуючы рамонту. Але радасць была нядоўгай. Вада, скардзяцца людзі, па-ранейшаму льецца прама на галаву - варта падчас непагадзі адчыніць дзверы пад'езда.

Камунальшчыкі запэўніваюць: дахавыя работы абавязкова адновяць, як толькі ўнясуць змяненні ў праектна-каштарысную дакументацыю. І, магчыма, гэта здарыцца да першага снегу.

Апошнім часам, гавораць жыхары, іх дом абмінаюць прахожыя. Баяцца, што абваляцца старыя балконы. А парадны ўваход хутчэй нагадвае чорны.

Адпавядае агульнай карціне і гульнявая пляцоўка ў двары. Тут даўно не збіраюцца дзеці. Адзінае ўпрыгажэнне - невялікі кветнік, які разбілі самі жыхары. Кветкі тут растуць вясной і летам. Але мілы краявід прыкметны толькі восенню, калі побач з домам высыхае няскошаны бур’ян.