Дом сумеснага пражывання для пажылых адкрыты сёння ва Уздзенскім раёне

30 декабря 2015

Дом сумеснага пражывання для пажылых, якія самі могуць паклапаціцца пра сябе, урачыста адкрыты сёння ва Уздзенскім раёне. Утульныя пакоі, уласная кухня і сучасная бытавая тэхніка. Такая форма сацыяльнага абслугоўвання набірае папулярнасць у цэнтральным рэгіёне і не выключана, што ў будучым ў кожным раёне з’явіцца па некалькі такіх дамоў. Новыя ўмовы для пражывання ацаніла Антаніна Станкевіч.

Былы будынак сельсавета рэканструявалі за даволі кароткі час. Так што дом з цёплымі шклопакетамі, унушальнымі жалезнымі дзвярыма і драўляным фасадам выглядае даволі камфортным і сучасным. Адначасова тут могуць жыць пяць чалавек, але ў будучыні іх колькасць можа павялічыцца.

Старшыня вёскі Глінкі Ядвіга Рубашная жартуе: самой ёй у такі дом яшчэ рана. Але жанчына ва ўзросце ўпэўнена: пажылым тут будзе камфортна. У доме ёсць і ацяпленне, і гарачая вада, і не сумна.

Некалькі жылых пакояў, кухня, ванная - і гэта толькі бытавыя ўмовы. Побач з пажылымі будзе заўсёды сацработнік. Па стандартных тарыфах ён зможа аказаць дадатковыя паслугі: прыгатаваць ежу ці прынесці лекі, напрыклад.

Кошт пражывання ў такім доме даволі прымальны - 49 тысяч рублёў за суткі. І гэта з улікам ацяплення. Летам кошт значна знізіцца, запэўніваюць спецыялісты.

Першыя жыхары справяць уваходзіны тут у студзені. Тэрмін знаходжання ў такім доме неабмежаваны, але, як правіла, пажылыя звычайна застаюцца ў такіх дамах хіба што толькі зімой.