Дом І з’езду РСДРП падрыхтаваў для шырокай публікі новую экспазіцыю

5 ноября 2016

Самы першы музей некалі савецкай дзяржавы - дом І з’езду РСДРП – сёння паказаў шырокай публіцы новую экспазіцыю. Да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі наведвальнікам паказалі дакументы аб невядомых фактах гісторыі з’езду. Аказваецца, уладальнікамі дома да стварэння музея былі Янка Купала і Змітрок Бядуля.

Алена Борматава ўбачыла гістарычныя дакументы.

Чатыры музейныя залы агульнай плошчай 70 квадратаў напоўнілі сучасным святлом і экспазіцыйным абсталяваннем. Некранутай засталася толькі мемарыяльная зала. Тая самая, дзе ў сакавіку 1898-га праходзіў з'езд. Партрэты ўсіх дзевяці членаў з'езду з іх біяграфіяй. Маніфест і яго аўтар - стэнды другой залы. Адсюль пачынаюцца факталагічныя і экспазіцыйныя дапаўненні.

Андрэй Ліневіч, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: “Зараз мы пашырылі гэты пакой. У нас з’явілася інсталяцыя ў выглядзе імітацыі кабінета жандарма, у якім пабывалі фактычна ўсе дэлегаты, якія былі на І з’ездзе РСДРП. Таксама мы размясцілі інфармацыю, прысвечаную палітычнаму вышуку, г. зн. як адбывалася сочка за дэлегатамі, якія прыбывалі ў Мінск”.

З'езд праходзіў у доме, што належаў Францішцы Ржэцкай. Некалькі пакояў здымаў чыгуначнік Пётр Румянцаў, ён і выдзеліў сваю кватэру для правядзення з'езду. Цікава, але сам Румянцаў у гэтай эпахальнай падзеі сусветнай гісторыі ўдзелу не прымаў.

Янка Купала і Змітрок Бядуля. Упершыню частку экспазіцыі прысвяцілі двум класікам беларускай літаратуры. Якое дачыненне яны маюць да І з'езду РСДРП? Малавядомы факт, але менавіта Купала і Бядуля ў 20-я гады мінулага стагоддзя фактычна з'яўляліся гаспадарамі дома, пакуль тут не вырашылі зрабіць музей.

Тут упершыню на беларускую мову было перакладзена «Слова пра паход Ігаравы». Перакладам займаўся Янка Купала. Тут жа былі напісаны хрэстаматыйныя вершы «Сын» і «Маці». У папярэдняй экспазіцыі пра літаратараў і іх спадчыну ні слова. Упершыню прадэманстравалі і саму гісторыю Мінска на рубяжы стагоддзяў.

Андрэй Ліневіч, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: “Як выглядаў горад напрыканцы ХІХ стагоддзя, куды прыбывалі дэлегаты, у якіх умовах праходзіў І з’езд РСДРП. Можна азнаёміцца з відамі горада Мінска, асабліва з вуліцай Захар’еўскай, якая з’яўлялася цэнтральнай вуліцай і застаецца галоўнай у Мінску. Домік і размяшчаўся па адрасе Захар’еўская, 133, куды прыбылі дзевяць дэлегатаў”.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны дом быў разбураны. Аднаўляць сталі адразу пасля вызвалення Мінска. За рэканструкцыю на старых гістарычных падмурках узяўся архітэктар Валадзько. Фактычна дом-музей І з'езду стаў першым адноўленым будынкам у пасляваеннай сталіцы. У 1948-м музей прыняў наведвальнікаў.

Сяргей Рэчкін, загадчык Дома-музея І з'езду РСДРП Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: “Пасля вайны з-за рэканструкцыі плошчы (тады яна называлася Круглай плошчай, зараз нам знаёмая як плошча Перамогі) і праспекта, які зараз называецца праспектам Незалежнасці, домік быў перанесены на тое месца, дзе ён знаходзіцца зараз”.

Сам будынак дома-музея ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як помнік гісторыі і драўлянай архітэктуры мінулых стагоддзяў.