Дом урада і будынак Магілёўскага аблвыканкама ўзведзены практычна па ідэнтычным праекце Іосіфа Лангбарда

7 ноября 2019

Cумесныя пасяджэнні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў праходзяць у Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў - яна займае крыло Дома ўрада. І мы хацелі б расказаць пра незвычайны лёс гэтага ўсім вядомага будынка ў цэнтры сталіцы і яго брата-блізнюка ў Магілёве - горадзе, які ледзь не стаў сталіцай савецкай Беларусі. Размова пра Дом урада і будынак Магілёўскага аблвыканкама, якія ўзведзены практычна па ідэнтычным праекце Іосіфа Лангбарда. Сапраўды вялікі савецкі архітэктар. Па яго праекце пабудавалі Акадэмію навук, Дом афіцэраў і Тэатр оперы і балета. Дзіўна, але ўсе гэтыя грандыёзныя будынкі практычна не пацярпелі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Але вернемся да нашых блізнюкоў. Дарэчы, называць так гэтыя два будынкі не зусім правільна. Яны адрозніваюцца. Як мінімум памерамі. У Доме ўрада 9 паверхаў. На адзін больш, чым у Магілёўскім аблвыканкаме. Столі ў "малодшага брата" ніжэйшыя, менш і кабінетаў. У Мінску каля тысячы. У Магілёве амаль 800. Агульная плошча Дома ўрада - каля 42 тысяч квадратных метраў (гэта 4 футбольныя палі!). Плошча магілёўскага Дома Саветаў у два разы меншая - 21 тысяча квадратных метраў.

Штодня толькі за чысцінёй у адным з самых вялікіх будынкаў краіны сочаць больш чым 100 чалавек. Прычым, частка з іх займаецца вокнамі, якіх 2 тысячы! Вокны ў Магілёве ўсё-такі трымаць у парадку лягчэй. Там іх каля 900.

Бясспрэчна, у абодвух будынкаў ёсць і шмат агульнага: гісторыя, адзіны аўтар і само аблічча пабудоў. Пра архітэктурных братоў матэрыял нашых карэспандэнтаў.

86 гадоў таму ў Мінску ўзвялі Дом урада

Расказвае Аляксандр Лучонак. Рэдкія кадры. Мінск. Сярэдзіна 30-х, яшчэ даваенны горад, што разрастаецца новымі вуліцамі, плошчамі і будынкамі. Але, бадай, самым арыгінальным збудаваннем таго часу стаў праект архітэктара Іосіфа Лангбарда.

Дом урада - гэта так званы першы беларускі небаскроб вышынёй 30 метраў.

Прычым, будынак, у якім засядалі народныя камісары, пабудавалі неверагодна хутка (усяго за тры гады) ў абсалютна новым архітэктурным стылі канструктывізму - па прынцыпе дома-камуны. Гэта значыць там можна было паўнавартасна жыць. Унутры размяшчаліся швейная майстэрня, рэстаран і месцы для начлегу.

Падчас вайны будынак Дома ўрада заняло гестапа

Падчас Вялікай Айчыннай будынак заняло гестапа. Аб гэтым сведчаць рэальныя артэфакты. Гэтыя, дарэчы, былі знойдзены літаральна два гады таму - падчас рэстаўрацыі даху.

Як паведамляюць гісторыкі, салдаты вермахта падчас адступлення ператварылі будынак у парахавы склад. Тут захоўваліся тоны ўзрыўчаткі, сотні ручных гранат і некалькі скрынь патронаў.

А вось помнік Леніну, які зрабіў сябар Лангбарда - скульптар Манізер, бамбардзіровак ворага падчас ваеннага ліхалецця не вытрымаў. Сучасны варыянт - копія, але максімальна ідэнтычная арыгіналу.

Самая рарытэтная частка Дома ўрада - люстра ў Авальнай зале

Самая рарытэтная частка Дома ўрада - гэта, вядома, яго сімвал: люстра ў форме пяціканцовай зоркі ў Авальнай зале. Яркае свяціла пад купалам вагой 5 тон утрымліваюць дзясяткі тросаў і платформа. Што датычыцца самой залы, то менавіта тут праходзяць сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Яна разлічана на 400 чалавек, але пры гэтым глядзіцца кампактнай. Сёння ў будынку працуюць ніжняя і верхняя палаты парламента і Савет Міністраў. Тут праходзяць пасяджэнні, канферэнцыі, у тым ліку пры ўдзеле замежных дэлегацый. І прымаюцца важныя рашэнні для жыцця краіны.

Дом урада - знакавы аб'ект архітэктуры

Тое, што сёння, праз 86 гадоў, Дом урада стане не толькі знакавым аб'ектам архітэктуры, а тут будуць пісаць гісторыю ўжо незалежнай Беларусі, тады і думаць не маглі. Топ-менеджары вялікай дзяржавы прынялі рашэнне будаваць новы плацдарм. Сталіцу БССР рыхтаваліся перанесці на 200 кіламетраў на ўсход. У Магілёве будавалі брата-блізнюка па праекце таго ж Іосіфа Лангбарда.

Расказвае Андрэй Ястрабаў. Пачатак 1939 года. У Мінску нарада, як прынята гаварыць, з разборам палётаў. Будаўніцтва Дома ўрада ў Магілёве не скончана. Наркаматы атрымліваюць наганяй ад вышэйшага кіраўніцтва і новыя тэрміны - лістапад 1939-га.

Менавіта ў апошні месяц восені 1939-га (80 гадоў таму) і планаваўся маштабны пераезд сталіцы БССР у Магілёў. Аргументацыя архістратэгічная, бо размова ішла наконт бяспекі. Дом Саветаў быў амаль гатовы, калі ў верасні 1939 года пачалася Другая сусветная. Чырвоная армія тады вярнула частку заходніх зямель, і мяжа БССР рэзка адсунулася на захад. Перамяшчэнне сталіцы ў Магілёў страціла актуальнасць. З паўтысячы кабінетаў 8-павярховага будынка, некалькі залаў для пасяджэнняў не ведалі пад што прыстасаваць. Ды і пячное ацяпленне зманціраваць не паспелі. Пачалася Вялікая Айчынная.

Будынак Дома Саветаў за гады вайны амаль не пацярпеў

Дзіўна, але за гады вайны будынак амаль не пацярпеў. Уцалеў барэльеф герба - ён і зараз упрыгожвае цэнтральны корпус. Але здаць Дом Саветаў у эксплуатацыю ўдалося толькі ў 1949 годзе. Як у той час выглядалі калідоры будынка, можна ўбачыць і сёння. Дагэтуль захаваліся мармуровыя падлогі і сцены. А гэтыя драўляныя дзверы - сапраўдны рарытэт. А яшчэ сеткаватыя шахты ліфтаў. Захавалася месцамі і ляпніна. І нават люстра з 50-х гадоў дзейнічае.

Дом Саветаў у Магілёве - прыклад ансамбляў беларускай архітэктурнай школы

З часам у будынка з'явіліся і сучасныя прыбудовы. У адной з іх самая вялікая зала на 405 месцаў для канферэнцый рэспубліканскага і міжнароднага маштабаў. Тут прымаюцца і лёсавызначальныя для ўсяго рэгіёна рашэнні. Зрэшты, як і ў сталіцы. А яшчэ - гэта прыклад ансамбляў беларускай архітэктурнай школы. Набытак краіны.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя