Дом, дзе было напісана "Дзікае паляванне караля Стаха", выстаўлены на продаж

1 августа 2018

Дом, дзе была напісаная вядомая аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха", выстаўлены на продаж.

Будынак знаходзіцца ў Оршы - на вуліцы, якая носіць імя нацыянальнага класіка Уладзіміра Караткевіча. Гэтую навіну ўспрынялі неадназначна. Ці няма рызыкі страціць культурны і гістарычна значны аб'ект - разбіралася Іна Пілевіч.

У гэты ціхі раён Оршы зрэдку наведваюцца экскурсаводы. Сюды, на вуліцу Караткевіча, прыводзяць турыстычныя групы, каб паказаць, дзе быў напісаны літаратурны трылер «Дзікае паляванне карала Стаха». Твор быў створаны тут – у доме пад нумарам 10. Праўда, сёння будучыня гэтых сцен пад вялікім пытаннем.

Дом з гісторыяй выстаўлены на продаж. Літаральна 2 гады таму будынак перайшоў у спадчыну сваячцы, якая жыве ў Адэсе. Доўгі час спадчынніца пускала сюды кватарантаў. Але сёлета вырашыла знайсці хаце новага гаспадара. За сцены, што некалі натхнялі Караткевіча, просіць 34 тысячы беларускіх рублёў.

Рэчы з дома Караткевічаў - у архівах не толькі суседзяў, але і аршанскага музея імя беларускага пісьменніка. Сваякі нацыянальнага класіка перадалІ ў дар аконныя рамы, гадзіннік, чайнік, прылады для пісьма, кнігі. Тут і крэслы, у якіх пісьменнік ствараў дэтэктыўны сюжэт.

Дарэчы, аршанскі музей Караткевіча месціцца ў будынку былога радзільнага дома, дзе з'явіўся на свет пісьменнік. Пашыраць свае плошчы і адкрываць мемарыяльныя залы на Караткевіча, 10 установа не плануе. У выстаўленым на продаж доме Уладзімір Сямёнавіч жыў на працягу некалькіх гадоў. Радавое гняздо Караткевічаў згарэла яшчэ падчас вайны.

Набыць аб'ект нерухомасці з гісторыяй ахвотнікаў дастаткова. Хто стане гаспадаром хаты Караткевіча, вырашыцца ў верасні. Акурат тады ў Оршу прыедзе спадчынніца. Новы ўладальнік зможа распараджацца будынкам, як пажадае. Усё ж аб'ект не ўваходзіць у дзяржаўны спіс ахоўных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Тым часам мясцовыя жыхары прапануюць адкрыць збор сродкаў, каб захаваць дом Караткевіча для турыстаў.