Доўгачаканы падарунак

1 июня 2015

У Дзень абароны дзяцей у Самахвалавічах адкрыўся новы дзіцячы сад. Гэта самая буйная дашкольная ўстанова ў аграгарадку, якая, нарэшце, вырашыць праблему з недахопам месцаў. Новы сад разлічаны на 95 месцаў. А гэта 5 узроставых груп з 2 да 6 гадоў. У якіх умовах будуць выхоўвацца самыя маленькія жыхары Самахвалавіч, ведае Наталля Кузьміцкая.

Маленькая Маша з задавальненнем і цікавасцю ідзе сёння ў сад, нават цягне за сабой маці. Чатырохгадовая дзяўчынка ўпершыню ўбачыць свае новыя цацкі і групу, у якой будзе сталець да школы.

На будаўніцтва новага дзіцячага сада спатрэбілася ўсяго 4 месяцы. З нуля і без затрымак новы будынак паўстаў каля старога дзіцячага сада, разлічанага ўсяго на 40 дзяцей.

У новым дзіцячым садку ёсць музычны кабінет, спартыўная зала, камп’ютарны клас. Каб сачыць за здароўем выхаванцаў, тут размясцілі сучасны медыцынскі кабінет, а на кухні ўсталявалі параканвектамат - тэхніку, якая дазволіць захаваць усе якасныя ўласцівасці прадуктаў падчас прыгатавання.

Адкрыццё новага дзіцячага садку ў Самахвалавічах амаль поўнасцю ліквідавала чаргу ў дашкольную ўстанову. Гэты новы прыгожы рознакаляровы будынак стане другім домам для 95 дзяўчынак і хлопчыкаў.

На чарзе ў вобласці будаўніцтва і адкрыццё яшчэ трох дзіцячых садкоў: у Дзяржынску, Барысаве і вёсцы Ляскоўка, што ў Мінскім раёне.