Да самай аддаленай вёскі ў любое надвор'е

27 февраля 2015

Мінскі абласны спажывецкі саюз актывізуе выязны гандаль у сельскай мясцовасці. З надыходам вясны і аграсезона аб'ём працы значна павялічваецца. Шмат хто едзе на дачы і вёскі і хоча рабіць пакупкі ў крокавай даступнасці. Гэта забяспечваюць, у тым ліку, і аўтамагазіны. Іх за апошні час абнавілі, пашырылі і асартымент тавараў. Аляксей Кандраценка праехаў у магазіне на колах па вёсках Дзяржынскага раёна.

Гэта толькі здаецца, што ўсе машыны гудуць аднолькава. Сігнал аўтакрамы жыхары вёскі Антосіна ні з чым не пераблытаюць. А гэта значыць - трэба спяшацца да аўтамагазіна. Мяса-малочныя прадукты, свежы хлеб, бакалея - на прылаўках усё, што трэба.

Кожны дзень аўтакрамы ездзяць па ўсім раёне. У маршруце ў залежнасці ад колькасці насельніцтва – 10 - 15 вёсак.

Шырокі асартымент і прымальныя цэны! Такі аўтамагазін амаль нічым не адрозніваецца ад звычайных. Толькі працуюць тут усяго 2 спецыялісты – вадзіцель і прадавец.

Валянціна Бабіна - сапраўдная народная любіміца. Умела спалучае функцыі прадаўца і псіхолага - заказы прывозіць у тэрмін, знаходзіць час і на размовы. Аўтамагазін - гэта яшчэ і пляцоўка для абмеркавання навін.

Сёння толькі ў Дзяржынскім спажывецкім таварыстве працуюць 6 аўтамагазінаў. Усе яны абсталяваныя халадзільнікамі, касамі, электроннымі вагамі, банкаўскімі тэрміналамі. Асартымент тавараў вар'іруецца сезонна.

Наталля Каласоўская, намеснік дырэктара Дзяржынскага раённага спажывецкага таварыства: "Кожная аўтакрама мае магчымасць папярэдніх заказаў. Можна набыць складаныя бытавыя тавары, прадаем камбікорм. Калі пачынаецца сезон, возім будаўнічыя матэрыялы. Але калі гэта невялікая колькасць, то возім у аўтакраме, калі вялікія аб'ёмы - давозім іншым транспартам у зручны для пакупнікоў час".

Зараз у Мінскай вобласці больш за 150 аўтамагазінаў. Кожнае спажывецкае таварыства ведае: гэта не проста выязны гандаль, а сацыяльна значная праца. Бо аўтакрама ў любое надвор'е прыедзе нават у самую аддаленую вёску, дзе ніводнага пакупніка ўвагай не абдзеляць.