Да пачатку цырымоніі адкрыцця чэмпіянату свету па хакеі застаецца менш за суткі

8 мая 2014

І пакуль каманды нацыянальных зборных прызямляюцца ў сталічным аэрапорце і рыхтуюцца да гульняў, іх балельшчыкі накіроўваюцца за імі літаральна па пятках. Першыя ўражанні і настрой еўрапейскіх балельшчыкаў - у рэпартажы Дзмітрыя Смірнова.


Праз пункт пропуску Брузгі на беларуска-польскай мяжы з 25 красавіка - дня адкрыцця спецыяльных калідораў для гасцей чэмпіянату - ужо праехалі больш чым 200 балельшчыкаў. Дарэчы, многія едуць дасканала падрыхтаванымі - у форме сваіх зборных, з флажкамі і крычалкамі.


Чэшскія балельшчыкі прама ў пункце пропуску пераапрануліся ў форму сваёй зборнай і прымусілі ўсміхнуцца ўсіх навакольных крычалцы на чэшскай мове.


Патрык Асес, балельшчык зборнай Чэхіі па хакеі: Выдатна ўсё. Спецыяльны канал для балельшчыкаў зрабілі. Адчуваем сябе амаль як віпы. Выдатна. Мы спецыяльна едзем на машыне. Акрамя чэмпіянату, хочам яшчэ пракаціцца па Беларусі, паглядзець замкі.


З розніцай літаральна ў дзесяць хвілін да чэшскіх фанатаў беларускую мяжу перасеклі двое балельшчыкаў са Славакіі. Каманды гэтых дзвюх краін згуляюць свой першы матч на чэмпіянаце адна супраць адной ужо заўтра.


Той факт, што для замежных балельшчыкаў на чэмпіянаце не будзе ні віз, ні чэргаў, поўнасцю пацвердзіўся.


У пунктах пропуску замежныя госці знаходзяцца 5 хвілін. Аднак і гэты час бавяць з карысцю. Валанцёры-перакладчыкі паспяваюць растлумачыць маршрут да Мінска па карце і адказаць на любыя пытанні балельшчыкаў.


Андрэй Зайцаў, начальнік мытнага паста Брузгі: Праз мытны пункт Брузгі праехала 216 грамадзян еўрапейскіх краін. Гэта грамадзяне Германіі, Польшчы, Аўстрыі, Бельгіі. Мытнае афармленне адбывалася ў спрошчаным парадку на асобна выдзеленых каналах. Час афармлення не больш чым 4 хвіліны.


Балельшчыкаў і гасцей чэмпіянату свету гатовыя сустрэць на ўсіх пунктах пропуску. Аднак эксперты прагназуюць, што больш за ўсё фанатаў прыедзе з краін Балтыі і Скандынавіі.