Да канца мая непрацуючыя атрымаюць скідку на аплату збору за сацыяльнае ўтрыманства

13 мая 2016

Падатковая служба Беларусі нагадвае непрацуючым грамадзянам аб магчымасці добраахвотна прыйсці ў інспекцыі. Да канца мая такія беларусы атрымаюць скідку на аплату збору за сацыяльнае ўтрыманства. Новы падатак зацвердзілі яшчэ год таму і абавязалі тых, хто можа, але не хоча працаваць, штогод выплачваць у бюджэт 20 базавых як кампенсацыю за сацыяльныя выдаткі дзяржавы - напрыклад, на медабслугоўванне. Чым матывуюць непрацуючых беларусаў і як палічаць новы падатак? У нюансах разбіралася Вольга Анішчанка.

З прызнаннямі ў адсутнасці рабочага месца летась беларусы зацягваць не сталі.

Кожнае добраахвотнае паведамленне супрацоўнікі падатковай інспекцыі рэгіструюць і тут жа разлічваюць суму збору. Усё залежыць ад таго, лічыўся заяўнік беспрацоўным на працягу цэлага года альбо працоўныя будні ўсё ж былі.

Куратарамі пошукаў і спагнанняў з дармаедаў у краіне вызначылі падатковыя органы. Яны правераць расходы і даходы грамадзян і поштай апавесцяць тых, каму трэба выплаціць новы збор. Дарэчы, калі прыйсці ў інспекцыю з прызнаннем, зробяць скідку - мінус 10% ад сумы падатку. Сёння гэта 3 мільёны 600 тысяч рублёў.

Растлумачваюць тэорыю дэкрэта як па тэлефоне, так і тэт-а-тэт. Цікавасць да новага збору падтрымліваюць і бацькі, чыіх ужо дарослых дзяцей пошук працы не турбуе зусім.

Для такіх грамадзян інспекцыі як апошняя надзея, гавораць у падатковай Маскоўскага раёна Мінска. Тэлефанаванняў ад тых, хто верыць, што тут знойдуць управу на моладзь, якая не жадае працаваць, не злічыць.

Да дармаедаў, дарэчы, аднясуць хатніх гаспадынь (за выключэннем, шматдзетных маці або тых, хто выхоўвае дзіця да 7 гадоў), таксама непрацуючых студэнтаў-завочнікаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія не робяць ніякіх адлічэнняў у бюджэт. І дачнікаў, якія таксама не працуюць і жывуць з ураджаю.

Неўзабаве ў краіне з'явяцца першыя афіцыйныя спісы дармаедаў. У іх, дарэчы, памылкова могуць трапіць і тыя грамадзяне, каго да дармаедаў не адносяць: такіх падрабязных звестак у дзяржорганах няма, тлумачаць супрацоўнікі падатковай інспекцыі. А таму, каб пазбегнуць лішніх тлумачэнняў, раяць загадзя апавясціць свайго інспектара.

Тым, хто да канца мая ў падатковую не прыйдзе, паведамленні адправяць заказным лістом. Да 1 кастрычніка. Грамадзянам, якія вестку праігнаруюць, пагражаюць штрафамі або нават адміністрацыйны арыштам. У апошнім выпадку парушальнікаў абавязкова прыцягнуць да выпраўленчых работ у кошт выплаты збору за ўтрыманства.