Дні Рыгі праходзяць у Мінску

20 мая 2016

Адчуць атмасферу Прыбалтыкі ў сталіцы Беларусі. Дні Рыгі праходзяць у Мінску. Урачыстае адкрыццё чатырохдзённага міжкультурнага марафону адбылося ў канцэртнай зале "Верхні горад". Адкрыў канцэрт узорны хор Рыжскай музычнай школы № 1. Усяго латвійская дэлегацыя налічвае паўсотні чалавек: гэта кіраўніцтва рыжскай Думы, бізнесмены і прадпрымальнікі. Дні Рыгі павінны стаць моцным штуршком для развіцця як культурных, турыстычных, так і эканамічных узаемаадносін.

Сёння больш за 1 200 прадпрыемстваў Мінска напрамую працуюць з латвійскімі калегамі. Для Рыгі цікавы вопыт Мінска ў сферы камунальнай гаспадаркі і арганізацыі працы грамадскага транспарту. Дарэчы, у рамках Дзён Рыгі ў мінскай ратушы адкрыта выстава фотаработ на тэму рыжскага югендстылю – напрамку ў архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя.