Для жыхароў адселеных вёсак Радаўніца - магчымасць трапіць у родныя месцы без спецыяльнага пропуску

17 апреля 2018

Для жыхароў адселеных вёсак Радаўніца - гэта не толькі свята, але і магчымасць раз на год трапіць у родныя месцы без спецыяльнага пропуску. У зонах, дзе ўзровень радыяцыі перавышае норму, - дзясяткі могілкаў і воінскіх пахаванняў. І запусцелымі іх не назавеш.

Як з гадамі мякчэе радыяцыйная карціна Гомельскага рэгіёна, а разам з ёй і суровасць кантрольна-прапускнога рэжыму - у рэпартажы Ганны Кавалёвай

Гэтае дрэва для яго - як сімвал роднай вёскі. Сёння тут няма людзей, толькі памяць. За некалькі метраў ад клёну стаяў бацькоўскі дом Пятра Дубадзелава. У сям'і было трое братоў, сястра. Зараз сюды прыязджаюць раз на год.

Бесядзь была на слыху, як вёска з самай чыстай ракой. Калі стала вядома аб забруджванні, людзі пачалі з'язджаць. Дамы закопвалі, каб узровень радыяцыі звесці да мінімуму.

Да адсялення тут было 225 двароў, школа, клуб, бібліятэка, пошта, фельчарскі пункт - усё пайшло ў зямлю.

Прымалі і іншыя меры. Сёння розніца бачная. Пару гадоў таму трапіць сюды можна было, толькі абыходзячы шлагбаум. Зараз яго і зусім прыбралі. Жорсткі прапускны рэжым разам з радыяцыйным фонам стаў больш спакойным. Раней гэтыя месцы былі ў спісе катэгарычна закрытых для жыцця чалавека. Сёння маюць права на адсяленне.

Адсяленне Веткаўскага раёна пачалося ў 1990-м. Тады спусцелі адразу 59 вёсак. Гэта дзясяткі тысяч людзей. І ўсё ж аб сваіх каранях не забылі. Доказ таму - Радаўніца - галоўная падстава для сустрэчы былых аднавяскоўцаў.

Узровень радыяцыі тут 15 кюры. І, нягледзячы на яго паніжэнне, спецыялісты ўсё ж заклікаюць быць асцярожнымі: не разводзіць вогнішчы і карыстацца прывазной вадой. Пакінуць зону - да 5 вечара.

Зона адчужэння - гэта каля 500 тысяч гектараў. Акрамя могілкаў, тут дзясяткі воінскіх пахаванняў, і народная сцежка да іх таксама не зарастае. Ёсць штогадовы план па рэканструкцыі мемарыялаў. Толькі ў гэтым раёне іх 14, у тым ліку і ў вёсцы Бесядзь. Жыхароў тут няма, але колькасць могілкаў павялічваецца. Завяшчанне пахаваць побач з продкамі на роднай зямлі пакідаюць сваім дзецям і ўнукам.