Для мільёнаў католікаў гэтыя 7 дзён былі напоўненыя асаблівым духам

7 апреля 2013

Пасля Уваскрэсення Хрыстова пачаўся велікодны тыдзень - час урачыстых набажэнстваў. І першая вялікая сустрэча гэтага тыдня - у Архікафедральным касцёле Прасвятой Дзевы Марыі, дзе Прэзідэнта сустракаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.


Гэта ўжо традыцыя.  Прэзідэнт  прыбыў у галоўны  каталіцкі касцёл Беларусі, каб асабіста павіншаваць  прадстаўнікоў другой па колькасці канфесіі ў краіне з галоўным хрысціянскім святам. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся  з убраннем  касцёла, пагутарыў з вернікамі,  а таксама даведаўся аб  праектах Каталіцкай царквы па будаўніцтве новых касцёлаў. Потым была тэма, якая пад скляпеннямі храма заўсёды знаходзіць асаблівае гучанне - тэма памяркоўнасці і добрасуседства розных рэлігій. І ў гэтым сэнсе ў нашай краіне сітуацыя ўнікальная - амаль 3 з паловай тысячы рэлігійных арганізацый, побач жывуць прадстаўнікі 25 канфесій. Аляксандр Лукашэнка нават успомніў  прыклад з асабістага вопыту.


Зрэшты, справы-справамі, але і пра нагоду гэтай сустрэчы не забывалі. Як і прынята ў святы, абмяняліся падарункамі, якія, дарэчы, адпавядалі падзеі. Аляксандру Лукашэнку было  паднесена ў дарунак першае выданне Евангелля на сучаснай беларускай мове, а Мітрапаліту падарылі велікоднае яйка, выкананае ва ўнікальнай тэхніцы сожскай скані.