Дызайнеры і архітэктары з усяго свету на конкурсе Леанарда-2013 у Мінску

1 октября 2013
Свае работы прапанавалі ўдзельнікі фестывалю архітэктуры больш як з 25 краін. Узнагароды конкурсу Леанарда-2013 сёлета дасталіся Іспаніі, Польшчы, Славеніі, Лівану, Беларусі і Партугаліі.

Якім канструкцыям і формам аддаюць перавагу сучасныя архітэктары, ведае Наталля Тарасюк.


Гэтыя замарожаныя дрэвы ў Мінск прыехалі з Партугаліі. Прыехалі і перамаглі. Незвычайны праект-інсталяцыя складаецца з тысячы пластыкавых дэталяў са святлодыёдамі. Дрэвы ўжо ператварылі цэнтр Лісабона ў архітэктурны музей пад адкрытым небам.


Сяргей Раманоўскі, старшыня клуба маладых архітэктараў ГА Беларускі саюз архітэктараў: Пераможцаў усіх аб'ядноўваюць ідэі экалогіі, ідэі захавання энергіі, эканомія, і таму гэтыя тэндэнцыі праглядаюцца ва ўсіх пераможцаў. У прынцыпе, гэта модная і ў свеце тэндэнцыя. Тое ж самае, дарэчы, ужо праглядаецца і ў нас, у беларускіх архітэктараў.


І імёны іх таксама ў ліку пераможцаў. Адна з узнагарод з'яжджае ў Брэст. Разам з аўтарам праекта студэнцкай вёскі ў Пінску, якая, дарэчы, ужо пабудаваная.


Дзіяна Ляшук, архітэктар: Гэты інтэрнат на 1208 месцаў. Ён змяшчае шмат будынкаў рознай паверхавасці: нізкай паверхавасці пабудаваныя дугой, каб не задушваць навакольную забудову 4-5-павярховую. А самы вялікі будынак размешчаны ў цэнтры.


Аляксандр Шарпенка на конкурс на лепшы архітэктурны твор выставіў адразу тры праекты. Лейтматыў яго работ - турызм, адпачынак і трохі гісторыі.


Аляксандр Шарпенка, архітэктар, выкладчык, член Саюза беларускіх архітэктараў: У адным вельмі цікава тое, што ён з'яўляецца гістарычным помнікам архітэктуры - сядзібай графа Плятэра, якая знаходзіцца ў пасёлку Опса Браслаўскага раёна. Яна пабудаваная ў пачатку 1908 года.


А вось ліванскія архітэктары здзівілі публіку праектам своеасаблівага падземнага гістарычнага цэнтра. Археалагічны помнік ХХХ стагоддзя да нашай эры - комплекс храмаў Барбар у Бахрэйне - павінен мець і сучасны турыстычны цэнтр.


Дзмітрый Семянкевіч, намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі: Мы ў большай ступені аддаем перавагу функцыяналізму. Гэта прапорцыі ў архітэктуры, гэта проста прыгажосць формы, выкарыстанне яркіх колераў, колеравая гама і функцыяналізм, каб фасады, архітэктура падкрэслівалі канструктыўныя асаблівасці будынка. Гэта самае галоўнае.


І тым не менш, рэстаран у джунглях, кнігарня, канструкцыя якой у прамым сэнсе нагадвае кнігу, і павільён у выглядзе кола - тэма функцыянальнасці, судзячы па ўсім, адышла на другі план. Але гэта - таксама праекты беларускіх архітэктараў. Больш за тое, некаторыя з іх ужо глядзяць на два гады наперад і прапаноўваюць свае ідэі ўжо з нагоды прэзентацыі Беларусі архітэктурнай на найбуйнейшай выставачнай пляцоўцы свету.


Спецыялісты з Гомеля прапаноўваюць выканаць павільён нашай краіны на сусветнай выставе Экспа-2015 у Мілане ў выглядзе вясковай хаты. А вось аўтары іншага праекта плануюць паказаць унікальную прыроду Беларусі на спецыяльных інтэрактыўных экранах.