Дзісна - горад з цікавай гісторыяй і маляўнічымі краявідамі

7 марта 2020
Як рэалізаваць патэнцыял невялікага населенага пункта? Адказ на гэтае пытанне дакладна ведаюць жыхары Дзісны - гэта самы маленькі горад нашай краіны. Тут жывуць усяго паўтары тысячы чалавек. Горад з цікавай гісторыяй і славіцца маляўнічымі краявідамі. Таму нядзіўна, што вуліцы населенага пункта станавіліся нават дэкарацыямі для фільмаў. Тут знята шэсць вядомых стужак.  Марына Раманоўская пабывала ў Дзісне на экскурсіі. 

Безумоўна, гасцям Дзісны цікава пабачыць валы старажытнай крэпасці, пакланіцца цудадзейнай іконе, прагуляцца па вуліцах з арыгінальнай планіроўкай. Што датычыцца сучаснасці, у 2020 тут плануюць рэалізаваць некалькі праектаў, якія зробяць жыццё людзей больш камфортным. Гэта важна і для маладых спецыялістаў, якія прыехалі сюды працаваць. 

Відэафільмы, прэзентацыі, гульні - абавязковыя элементы на ўроках Вікторыі Ляшкевіч. Маладая настаўніца выкладае англійскую мову: праводзіць факультатывы, рыхтуе дзяцей да алімпіяд і конкурсаў, а таксама вядзе школьны сайт. Апошнія навіны - аб дасягненнях вучняў і настаўнікаў невялікай школы, тут вучацца крыху больш за сто восемдзесят дзяцей з Дзісны і суседніх вёсак. 

Занятак даспадобы знайшоў і Уладзімір Шадурскі. Працуе на сябе - займаецца рамонтам камп’ютараў, вучыць працаваць з праграмамі. Упэўнены: самазанятасць - выдатная магчымасць рэалізавацца там, дзе няма вялікіх прадпрыемстваў. 

Не баяцца эксперыментаваць у сваёй сферы  і супрацоўнікі мясцовага лясгаса. Мёрскі раён славіцца маляўнічымі ўгоддзямі. Нядаўна тут усталявалі аўтаматычную сістэму выяўлення лясных пажараў. Відэакамера кантралюе масіў радыусам сорак кіламетраў, у аб'ектыве і тэрыторыя балот Жада і Ельня - гэта прыродныя славутасці рэгіёна. 

Іван Янкоўскі, інжынер Дзісненскага лясгаса: "Асноўнай задачай з'яўляецца выяўленне пажараў на стадыі ўзгарання. Камера працуе ў аўтаматычным рэжыме. Яна аўтаматычна вызначае задымленне. На карце адзначаюцца чырвоныя квадраты, аператару толькі застаецца разгледзець квадрат".

У гэтым годзе Дзісну чакае шэраг будаўнічых работ: узвядзенне шматкватэрнага дома, працяг газіфікацыі і рэалізацыя праекта “Чыстая вада”. Зараз спецыялісты водаканала працуюць над сістэмай водазабеспячэння і водаадвядзення. Як вынік - якасная вада для цэлага мікрараёна. 

У горада вялікі турыстычны патэнцыял. Тут сустракаюцца дзве ракі - Дзісна і Заходняя Дзвіна, на некаторых вуліцах захавалася брукаванка. Сярод славутасцяў царква Уваскрэсення Хрыстовага, стагадовы мост з драўляным насцілам. Мясцовай фішкай жыхары Дзісны таксама называюць паром - такая водная экскурсія дазваляе ацаніць каларытныя мясціны рэгіёна.