Дырэктара Языльскай школы ўзнагародзяць званнем "Чалавек года Мінскай вобласці"

13 апреля 2018

Ён ніколі не сядзіць на месцы і ніводнае спаборніцтва не абыходзіцца без яго каманды. Такіх, як дырэктар Языльскай сярэдняй школы Мікалай Грузд, называюць - апантаны чалавек. На наступным тыдні неабыякавага настаўніка фізкультуры і дырэктара ўзнагародзяць ганаровым званнем "Чалавек года Мінскай вобласці".

Антаніна Станкевіч пазнаёмілася з педагогам, які у свае 58 падцягваецца, прабягае марафон і вучыць іншых атрымліваць задавальненне ад жыцця.

Сваю раніцу абавязкова пачынае з зарадкі, а рэгулярную фізнагрузку працягвае пасля, на уроках фізкультуры у шостым, дзявятым і адзінаццатым класах. Разам з вучнямі ўхіл робіць не толькі на практыкаванні, але і на гульнявыя віды спорту. У асаблівай пашане тут баскетбол, а ўзімку невялікая вясковая школа літаральна хварэе біятлонам.

Аніводнае спаборніцтва ў раёне, вобласці ці нават рэспубліцы не абыходзіцца без зборнай каманды Языльскай школы. А мясцовая «бегавая ініцыятыва» ўжо даўно ператварылася у нацыянальны фестываль. Спаборніцтвы «Языльская дзясятка» і «Языльскія старты» тут праводзяць яшчэ з часоў, калі бег не быў модным трэндам. І хоць тут падтрымліваюць прынцып пра «удзел, а не перамогу», усе ж такі кубкаў, медалёў і грамат кожны раз прывозяць нямала. Зусім нядаўна мясцовая каманда перамагла ў спаборніцтвах "Снежны снайпер".

Мікалай Грузд не без гонару кажа, што ён тут - самы што ні на ёсць карэнны. Перспектыўнага студэнта адпраўлялі ў Віцебск, абласны цэнтр з нецярпеннем чакаў настаўніка. Але ўпарты юнак адправіўся на малую радзіму. І ні разу не пашкадаваў: тут не толькі знайшоў справу жыцця, але і спаткаў свой лёс.

З настаўніцай беларускай мовы разам па жыцці, разам на рабоце. Абодва адправіліся ў вёску Языль па размеркаванні - з тых часоў і не расставаліся. Сакрэт сямейнага і прафесійнага шчасця гэтага тандэма - што б ні здарылася, заўсёды падтрымліваць адно аднаго.

Шмат увагі - не толькі спорту. У школе створаныя некалькі творчых гурткоў - маляванне, спевы і разьба па дрэве для тых, каму бег, скачкі ў вышыню ці гульні катэгарычна не паддаюцца. 18 красавіка Мікалай Грузд атрымае ўзнагароду і ганаровае званне "Чалавек года Мінскай вобласці". Калегі, сваякі і вучні дакладна ведаюць: ёсць за што.