Дзікі алень пасяліўся ў Чыжоўцы

4 июня 2020
Прадстаўнікі дзікай прыроды асвойваюць тэрыторыі мегаполіса. Жыхары мікрараёна Чыжоўка заўважылі аленя, які прыбіўся да табуна коней і ўжо не першы дзень пасвіцца разам з імі каля ракі Свіслач. Рагатая жывёла, хутчэй за ўсё, трапіла ў горад з лесу і прыняла коней за сваіх суродзічаў.  Пакуль за ім рэкамендуюць назіраць з бяспечнай адлегласці, каб не напалохаць. Здалёк сачыў за аленем  Ілья Цвяткоў.

Экалогія Мінска выходзіць на новы ўзровень. Лятучыя мышы ў кватэрах, нашэсце слімакоў у гарадскіх парках, а цяпер алень, які адпачывае разам з табуном коней. Вось такія сюрпрызы ад прыроды.

Паводле слоў спецыялістаў, алень з'яўляўся ў мікрараёне Чыжоўка ўжо не раз. Сярод суродзічаў капытны звер адчувае сябе камфортна. Хутчэй за ўсё, ён трапіў у горад з лесапаркавай зоны.

Таццяна Шамянкова, начальнік аддзела Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: "Жывёліна выбрала для сябе гэта месца для пасялення і не варта яе трывожыць, бо ўсе неабходныя шляхі для адыходу ў лес у яе ёсць. Таму пакуль галоўнае не палохаць яе, не падыходзіць з дзецьмі і сабакамі, проста глядзець з боку".

Пакуль ніякай небяспекі для гараджан алень не ўяўляе. Супрацоўнікі лясной гаспадаркі ў хуткім часе правераць стан жывёлы і пераселяць яго ў лес. 

Прадстаўнікі дзікай прыроды нярэдка наведваюць сталіцу. Напрыклад, у мікрараёне Уручча восем месяцаў запар жыла сям'я ласёў. Такое суседства з ляснымі жыхарамі для ўскраін Мінска - звыклая з'ява. Галоўнае падчас назіранняў  не забываць пра меры бяспекі, не падкормліваць жывёл і трымацца на адлегласці.