Дыягностыка раку на самых ранніх стадыях

20 февраля 2016

Супрацоўнікі радыётэхнічнага ўніверсітэта сумесна з навукоўцамі Акадэміі навук прэзентавалі інавацыйную распрацоўку – мініяцюрную падкладку з крэмнію, якая за некалькі хвілін вылічае наяўнасць злаякаснай пухліны. Такая пласцінка зможа вызначыць амаль любы від анкалогіі на ранніх стадыях. Акрамя таго, нанараспрацоўка дазволіць прасачыць, як выводзяцца лекі з арганізма, і нават дыягнаставаць хваробу Альцгеймера.

Рэпартаж Юліі Грызунт. Гэтая невялікая лабараторыя радыётэхнічнай ВНУ, магчыма, увойдзе ў гісторыю.

Больш за пяць гадоў даследчыкі разам з навукоўцамі Акадэміі навук распрацоўваюць рэчыва, якое можа распазнаць злаякасную пухліну.

Падобныя падкладкі ўжо выкарыстоўваюць у Расіі і Італіі. Прычым, гавораць даследчыкі, беларускую навінку дактары за мяжой ацанілі як больш эфектыўную.

Складаецца сам маркер з крэмнію і наначасціц серабра. Менавіта яны дазваляюць выявіць ракавыя клеткі, нягледзячы на тое што для аналізу выкарыстоўваецца ўсяго адна кропля крыві або, напрыклад, слязы.

Зараз на актыўнай частцы падкладкі знаходзіцца ўзор фізіялагічнай вадкасці чалавека. Каб даведацца пра наяўнасць хваробы, змяшчаем яе на спецыяльны мікраскоп. А далей гэтая машына счытвае даныя і перадае іх на камп'ютар.

Інфармацыя пра наяўнасць або адсутнасць пухліны з'яўляецца на працягу сямі хвілін. Дарэчы, сабекошт адной такой падкладкі ўсяго 1 еўра, яе замежныя аналагі даражэйшыя ў дзясяткі разоў. Навінкай ужо зацікавіліся навукоўцы Інстытута фізіялогіі, а вось тыя, для каго лячэнне раку - не ў тэорыі, а на практыцы - штодзённая барацьба за жыцці, такой нанатэхналогіі не давяраюць.

Для параўнання, для таго каб выявіць у крыві анкамаркеры - асаблівыя рэчывы, якія сведчаць аб захворванні, медыкам неабходна пара гадзін, але гэты аналіз беспамылковы і комплексны. Да таго ж сёння ўрачамі ўсяго свету вывучана больш за 200 такіх анкамаркераў. Менавіта таму такія новыя экспрэс-тэсты далёка не заўсёды будуць паказваць праўду.