“Дзіцячай вёсцы” ў Бараўлянах 20 гадоў

28 августа 2015

Інтэрактыўныя пляцоўкі, парад фей, анімацыя і фаер-шоу. Сёння “Дзіцячай вёсцы” ў Бараўлянах 20 гадоў. За гэты час бацькоўскую любоў тут адчулі больш за 20 дзяцей-сірот. Выхаванцы, якія першымі тут пасяліліся, ужо маюць свае сем’і. Усяго ў Беларусі тры такія вёскі: у Мар’інай Горцы, Магілёве і самая вялікая – у Бараўлянах. Аляксандра Драгун далучылася да святкавання.

Гэтая сям’я ўласнымі сіламі можа зрабіць сваё шоу. Малодшыя адказваюць за танцавальныя нумары, старэйшыя – за спевы, акампанемент і спартыўныя трукі. Колькі дзяцей, столькі і захапленняў. Дарэчы, у Валянціны Андрыеўскай іх сямёра. На ўсіх хапае і бацькоўскай любові, і часу.

Сёння сямейную творчасць прэзентуюць на агульнай сцэне дзіцячай вёскі, што ў Бараўлянах. Разам з іншымі выхаванцамі ладзяць канцэрт, бо падзея значная – 20-годдзе своеасаблівага куточка любові і дабрыні.

Першыя выхаванцы вёскі ўжо выраслі з дзіцячага ўзросту, а некаторыя маюць свае сем’і. Але дзень сустрэчы з роднымі – 28 жніўня – не прапускаюць. Як і Алеся Арастава. У гэтым доме яна зразумела, што такое сапраўдная сям’я, упершыню адчула матчын клопат і знайшла братэрскую любоў.

За 20 гадоў існавання вёскі ў Бараўлянах выхавалі больш за 200 дзяцей.

Майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі, палявая кухня, анімацыйныя перфомансы... Святочная праграма ў вёсцы завершыцца бліжэй да паўночы. Наперадзе самае цікавае - парад фей і фаер-шоу.