Дзіцячы сад сёння адкрыўся ў Фрунзенскім раёне сталіцы

4 сентября 2017

Новыя сацыяльныя аб’екты да 950-годдзя Мінска! Дзіцячы сад на 150 месцаў сёння адкрыўся ў Фрунзенскім раёне сталіцы - самым густанаселеным і маладым. Невялікаму будынку на праспекце Пушкіна паўстагоддзя, але з двухтысячнага года сад не працаваў. А сёння атрымаў другое жыццё. Рэпартаж Надзеі Сербіненкі.

Чацвёртага верасня – гэтую дату можна лічыць новым днём нараджэння ясляў-сада № 259. Акружаная жылымі будынкамі, дашкольная ўстанова знаходзіцца на гэтым месцы пяцьдзясят гадоў. Але з пачатку двухтысячных сад быў закрыты. Маштабная рэканструкцыя пачалася пасля таго, як побач выраслі шматпавярхоўкі, і вольныя месцы ў садках сталі дэфіцытам. Урачыстая цырымонія адкрыцця стала па-сапраўднаму доўгачаканай.

Сёння рамонт завершаны – тут пачаліся першыя заняткі. Маленькай Дар'і пакуль няма і трох гадоў. Таму мама Ірына да першага візіту ў садок рыхтавала дачку некалькі тыдняў. Але з першых хвілін дзяўчынка прызвычаілася да новых умоў.

Побач з адрамантаваным будынкам створаны невялікі дзіцячы гарадок – з ценявымі брылямі, гульнявымі і спартыўнымі пляцоўкамі. Менавіта на адкрытым паветры ў дашкалят будуць ладзіцца пленэры і музычныя ўрокі.

У Фрунзенскім раёне недахоп месцаў у дзіцячых садках адчуваецца асабліва востра. Часткова разгрузіць чэргі ў садкі ўвод у эксплуатацыю адразу трох дашкольных устаноў у верасні.

Усяго ў Мінску да дня горада будзе адкрыта больш за 20 аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Пачне працу басейн у Брылевічах, прэзентуюць гараджанам новы корпус Мінскага тэхнапарка, стралковы цір у цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі на Рафіева. Адкрыюцца таксама новыя кафэ і крамы ў розных частках горада.