Дзіцячае свята адзначылі ва ўсіх кутках Беларусі

1 июня 2017

Ярка адзначылі самае дзіцячае свята сёння ва ўсіх кутках Беларусі. Вядома, асаблівая ўвага галоўным героям - нашым дзецям. Іх чакалі забавы на любы густ - конкурсы, віктарыны, салодкія падарункі і канцэртныя праграмы.

Шчырае і добрае свята вачамі маленькіх беларусаў у рэпартажы Антаніны Станкевіч. Нягледзячы на тое што першы дзень лета супаў яшчэ і з першым днём канікулаў, самыя старанныя вучні не спяшаюцца хаваць падручнікі і канспекты. Пераможцы разнастайных алімпіяд у гэты дзень слухаюць лекцыю ад незвычайных спікераў. Як прымаюцца законапраекты і хто адказвае за акцыі і праграмы дзяржаўнага маштабу? Пра асаблівасці сваёй працы распавядаюць міністры інфармацыі і адукацыі, а таксама віцэ-спікер Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна.

Жыццярадасныя і вясёлыя, нягледзячы на тое што ў свае юныя гады ведаюць назвы такіх хвароб і дыягназаў, пра якія многія дарослыя і не чулі. Свята сёння адзначаюць і ў Рэспубліканскім цэнтры рэабілітацыі. Ад міністра працы і сацабароны - падарункі, ад пацыентаў - выстава умельцаў. Дарэчы, за апошнія паўгода тут у прамым сэнсе слова паставілі чатырох чалавек на ногі. Многіх навучылі гаварыць.

Для сям'і Сушко новы сад - яшчэ адна нагода паляпшаць дэмаграфічную сітуацыю. І, здаецца, так думаюць многія жыхары райцэнтра Ветка. Абноўлены дзіцячы сад сёння расчыняе дзверы для маленькіх выхаванцаў. Гэта амаль тысяча квадратных метраў, поўнасцю ўкамплектаваныя музычная і фізкультурная залы, утульныя спальні і гульнявыя пакоі.

Яшчэ адзін падарунак для жыхароў Гомеля. Гэта новае педыятрычнае аддзяленне гарадской дзіцячай паліклінікі. Тут будуць абслугоўваць 8 участкаў, а гэта 7 тысяч дзяцей. Запісацца на прыём у новым аддзяленні можна з дапамогай інтэрнэт-рэгістратуры. У найбліжэйшых планах - падключэнне да сістэмы электроннага рэцэпта.

Якое дзіця не марыць пасядзець за рулём вялікай машыны з магутным маторам?

Сёння гэтае прадпрыемства здзяйсняе мары. Такім чынам дзяцей не толькі знаёмяць з магчымасцямі кампаніі, але і паказваюць, чым займаюцца іх мамы і таты.

На першы погляд можа здацца, што сярэдні ўзрост супрацоўніка прадпрыемства - 10-12 гадоў. Насамрэч гэта такі дзіцячы карпаратыўны тымбілдынг. Сыны і дочкі супрацоўнікаў усіх прадпрыемстваў холдынга (а гэта 29 заводаў з усёй краіны) сёння не толькі са здзіўленнем назіраюць за філіграннымі манеўрамі буйнагабарытнай тэхнікі, але і на практыцы асвойваюць асновы маркетынгу, кіравання прадпрыемствам і нават знаёмяцца з працай складаных механізмаў.

Бітва на мячах, стральба з лука і катанне на конях прама ў цэнтры горада. Тэматычнае свята для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага прытулку Фрунзенскага раёна сталіцы падрыхтаваў галоўны рыцар Мінска, а па сумяшчальніцтве дэпутат Міхаіл Мілаванаў. Відаць: дарослыя крыху паддаюцца, але чаго не зробіш дзеля ўсмешак дзяцей.

Дапамагае тым, хто ў гэтым мае асаблівую патрэбу, і тэлеканал "Беларусь 4. Брэст". З 7 раніцы да 10 вечара творчая група абласной студыі і госці-спонсары здзяйсняюць запаветныя дзіцячыя мары падчас дабрачыннага тэлемарафону "Ад сэрца да сэрца". Галоўны адрасат - Жабінкаўская спецыялізаваная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Робяць гэта не толькі дарослыя вядучыя, але і пераможцы кастынгу юных рэпарцёраў.

Тыя, каму па абавязку службы трэба абараняць (і дзяцей асабліва), сёння арганізоўваюць шоу і ў цэнтры Віцебска. Спецыяльна для дзятвы ратавальнікі дэманструюць пажарныя машыны. Больш старэйшыя хлапчукі з цікаўнасцю даследуюць агрэгаты. А самыя маленькія спаборнічаюць у паўзунковым забегу, а таксама ўдзельнічаюць у парадзе калясак і веласіпедаў, стылізаваных пад пажарныя машыны будучыні.  



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя