Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў Слуцку

25 января 2014

Ключы ад двухпавярховага катэджа ў Слуцку ўручылі прыёмным бацькам. У раёне дзіцячы дом сямейнага тыпу першы, а ў цэнтральным рэгіёне ўжо саракавы. Практыка будаўніцтва такіх дамоў у вобласці існуе ўжо даўно - амаль трыста дзяцей жывуць у сем'ях, дзе абавязкова ёсць мама і тата, браты і сёстры. На наваселле да вялікай сям'і прыехала і наша здымачная група.



Расказвае Наталля Кезік. Традыцыйныя заняткі - лепку пяльменяў і вязанне сёння прыйшлося адкласці. Дзеці дружна рыхтаваліся да наваселля. Але ўжо вечарам разам абавязкова збяруцца за працай на кухні. Нават Дзяніс, які прыехаў у сям'ю тыдзень таму, спрабаваў сябе ў вязанні. Акрамя гэтага, брат і сёстры не дазволілі хлопчыку разгубіцца і адразу ж назначылі за ім хатнія абавязкі.


Двухпавярховы катэдж для прыёмных бацькоў і дзяцей пачалі будаваць у верасні мінулага года.


Але такія абшары бацькоў ніколькі не палохаюць - яны заўсёды марылі аб вялікай сям'і. Пакуль дзяцей пяцёра, чацвёра з іх - прыёмныя. Але ўсіх без выключэння тут выхоўваюць у любові і, калі неабходна, строгасці.


Новае жыллё пабудавалі за кошт абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Цяпер 200 метраў жылой плошчы ў распараджэнні вялікай і дружнай сям'і. Дарэчы, такія праекты дазволілі амаль тром сотням дзяцей у Мінскай вобласці даведацца, што такое бацькоўская любоў, цяпло і ласка. І, як адзначаюць спецыялісты, будаўніцтва дамоў сямейнага тыпу дазваляе зменшыць колькасць дзяцей, якія жывуць у інтэрнатах. Толькі сёлета ў Мінскай вобласці закрыліся дзесяць дзіцячых дамоў.


Зараз мама Таня і тата Лёша рыхтуюцца да папаўнення - яшчэ адна дачка Валя прыедзе ў сям'ю ў лютым. Пра што марыць вялікая сям'я і прыёмныя бацькі - адказы на ўсе пытанні глядзіце заўтра ў 12:10 у эфіры праграмы Навіны. Цэнтральны рэгіён.