Дзіцячыя групы можна будзе адкрываць у звычайных новабудоўлях

6 ноября 2014

У такой актуальнай гарадской праблемы, як недахоп месцаў у дзіцячых садах, здаецца, з'явіўся яшчэ адзін варыянт калі не рашэння, дык ужо сапраўды змякчэння праблемы. З 10 лістапада групы можна будзе адкрываць у звычайных новабудоўлях на першых паверхах. Прычым гэта датычыцца і дзяржаўных, і прыватных устаноў. Праўда, тут ёсць адно але: дзіця ў такім садзе можна пакінуць не больш як на сем гадзін. Рэпартаж Паліны Іванча.



Каб адвесці сваё дзіця ў дзіцячы клуб, бацькам гэтай сталічнай новабудоўлі досыць будзе проста спусціцца на некалькі паверхаў.



Наталля Сырадоева, дырэктар дзіцячага клуба: У нас ёсць магчымасць пакінуць дзіця на 2-3 гадзіны, і бацькі могуць спакойна сваімі справамі заняцца: хто на фітнес ходзіць, хто сваімі хатнімі справамі займаецца.



Па сутнасці, свой дзіцячы сад на першым паверсе любога дома зараз зможа адкрыць кожны. Галоўнае - не праігнараваць патрабаванні Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Яны прапісаныя зараз у спецыяльнай пастанове, якая ўваходзіць у сілу 10 лістапада.



Кожны сямейны дзіцячы сад павінен быць абсталяваны ўласным уваходам з ганкам і тамбурам. У спісе абавязковых умоў яшчэ і дзіцячая гульнявая пляцоўка, а таксама спецыяльны пакой на выпадак, калі адзін з выхаванцаў захварэў. Іх, дарэчы, усяго можа быць не больш за 12 чалавек.



Што ж датычыцца санітарных норм, дык у групах, дзе дзіця застаецца толькі максімум на 4 гадзіны, дастаткова аднаго душа, туалетнага пакоя і шасці ўмывальнікаў. Калі ж выхавальнік прыглядае за дзецьмі да 7 гадзін, тады абавязкова абсталяваць яшчэ і спальню для малых.



Ала Малахава, загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя: Харчаванне можа быць прывазное, і наогул, калі будуць адкрывацца такія сады, мы рэкамендуем, напрыклад, складаць дагаворы на пастаўку лепш за ўсё гатовай ежы з таго ж суседняга дзіцячага сада або суседняй школы.



Але нават калі ў ваш дзіцячы сад, напрыклад, ходзіць усяго адно дзіця, уладальнік абавязаны скласці дагавор з найбліжэйшай паліклінікай або школьным медкабінетам на медыцынскае абслугоўванне.



Юлія Ваніна, прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі: Сямейны дзіцячы сад спачатку атрымаў распаўсюджванне ў сельскай мясцовасці. Зараз такая форма арганізавання распаўсюджваецца і на горад, у тым ліку як раз на тыя раёны, якія лічацца ў нас густанаселенымі, напрыклад, Фрунзенскі раён Мінска.



Найбліжэйшы дзіцячы сад ад вёскі Краўцоўка - за шэсць кіламетраў. Альтэрнатыва - за пяць хвілін хады. Малагабарытны дзіцячы сад тут адкрыўся ў прыватным доме мясцовага выхавальніка.



Таісія Кушнярова, загадчыца дзіцячага сада: Наведваюць на сённяшні дзень 10 дзетак з населенага пункта Краўцоўка. Г.зн. на сённяшні дзень мы цалкам задавальняем патрэбнасці ў месцах дашкольных устаноў. Адаптацыя праходзіць вельмі лёгка, таму што наш дом з'яўляецца такім жа аднатыпным, як і дамы, у якіх жывуць дзеці.



Пры гэтым на днях выказвалася яшчэ адна прапанова. Кіраўнік рабочай групы па аналізе сістэмы адукацыі Анатоль Тозік лічыць, што дзяржава ў гэтым праекце можа падтрымаць і прыватнікаў. Памер фінансавання можа быць роўны нарматыву бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на ўтрыманне дзіцяці ў дзіцячым садзе. А гэта каля дванаццаці мільёнаў рублёў за год.