Дзіцячая чыгунка адкрыла новы сезон

2 мая 2019

Пад гучны грукат колаў Дзіцячая чыгунка адкрыла новы сезон. А гэта значыць, што да сваёй працы прыступілі навучэнцы гуртка "Юны чыгуначнік". На працягу года школьнікі вучылі тэорыю і здавалі экзамены, а зараз адпрацоўваюць свае навыкі ў вагонах цягнікоў. Першым пасажырам быў і наш карэспандэнт Ілья Цвяткоў. 

Упершыню на Дзіцячай чыгунцы Міхаіл Пухцееў пабываў некалькі гадоў таму ў якасці пасажыра. Адразу зацікавіла работа машыністаў і праваднікоў. Захапіла тое, як юнакі і дзяўчаты самастойна кіруюць сапраўдным цягніком, хоць і міні-фармату. А гэтай зімой ён сам прымераў цёмна-сінюю форму з пагонамі - запісаўся ў школу юнага чыгуначніка. 

Сёлета Дзіцячая чыгунка адкрыла свой 46 сезон. Традыцыйна цягнікі пачынаюць курсіраваць і перавозіць маленькіх пасажыраў у маі. А вось заняткі тут ладзяцца круглы год. Школьнікі наведваюць гурток юных чыгуначнікаў два разы на тыдзень. Спачатку падмацоўваюць тэорыю, а з вясны адточваюць навыкі на практыцы.

Галоўная мара кожнага вучня - стаць машыністам і паспрабаваць свае сілы ў рэальных умовах. Але атрымаць дазвол на кіраванне цягніком можна толькі на трэці год навучання. Спачатку неабходна здаць як мінімум тры экзамены на выдатна. 

З тэхнічнага пункту гледжання кіраванне гэтым цягніком нічым не адрозніваецца ад сапраўднага. Таму праз некалькі гадоў навучання хлопцы і дзяўчаткі без праблем змогуць сесці за штурвал дарослага саставу. 

Штогод на Дзіцячай чыгунцы новыя веды і навыкі атрымліваюць амаль 500 школьнікаў. Для многіх з іх гэта стартавая пляцоўка ў выбары будучай прафесіі. Выпускнікі працягваюць вучобу ў профільных каледжах, а затым смела калясяць на вялікіх стальных магістралях краіны.