Дэталі правядзення Дня Незалежнасці абмеркавалі ў Савеце Міністраў

20 июня 2014
У прыватнасці, гаварылі аб арганізацыі канцэртных пляцовак ва ўсіх раёнах Мінска, а таксама аб пераносе парада і тэатралізаванага шэсця з раніцы на вячэрні час. Завершыцца свята па традыцыі салютам. Плануецца, што 3-га ліпеня ў гала-канцэрце прымуць удзел замежныя артысты, аднак іх імёны пакуль трымаюць у сакрэце.

Барыс Святлоў, Міністр культуры Беларусі: У нас атрымаецца цэлы блок мерапрыемстваў, якія будуць ісці адно за адным. Парад і шэсце, музыкальны канцэрт адбудуцца на тых месцах, дзе праходзяць звычайна - скрыжаванне праспекта Пераможцаў і Машэрава.

Анатоль Новікаў, старшыня Савета ветэранаў Беларусі: Мы прыкладаем усе намаганні, каб максімальная колькасць ветэранаў удзельнічала і ў парадзе, і ўрачыстым сходзе. Дзякуй Міністэрству сацыяльнай абароны, цэнтрам сацыяльным, яны выдзяляюць транспарт, збіраюць іх, прывозяць, адвозяць, робяць максімальна, што могуць, каб ветэраны прынялі ўдзел.

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ўсім ветэранам вайны выплацілі грашовыя прэміі. Самі ветэраны адзначаюць, што недахопу ўвагі з боку дзяржавы, асабліва ў гэтыя перадсвяточныя дні, не адчуваюць.