Драўляныя домікі для вавёрак у Румлёўскім парку ў Гродне

24 марта 2018

Двухпавярховыя і з найлепшым відам на горад. Незвычайнае наваселле зладзілі ў Румлёўскім парку ў Гродне. Грамадзянская ініцыятыва - развесіць драўляныя домікі для вавёрак - здаецца, можа ператварыцца ў забудову сапраўднага вавёрчынага квартала. Хто будаваў драўляныя “кватэры” для рыжых звяркоў і ці спадабаліся новыя квадратныя метры самім вавёркам?

Рэпартаж Дзмітрыя Смірнова.

Аднапакаёвая, але затое на два паверхі, са сваёй каморкай для зімовых запасаў і, здаецца, з адным з найлепшых відаў на горад. Гэтыя “кватэры” - hand made Андрэя Радзевіча. Жыхар Гродна ўжо каля двух гадоў апекуе мясцовых вавёрак. Яны давяраюць яму настолькі, што не толькі кормяцца з рук, але нават дэлегавалі вырашыць уласнае “вавёрчынае” жыллёвае пытанне. Стаялі ў чарзе на паляпшэнне умоў звяркі, дарэчы, нядоўга. Некалькі тыдняў, перамовы з адміністрацыяй раёна - і грамадзянская ініцыятыва паспяхова рэалізуецца на дрэвах Румлёўскага парку. Разам з кармушкай.

Рыжыя грызуны ў Гродне, здаецца, абласканыя жыхарамі з усіх бакоў. Цікавая акалічнасць: вавёркі звычайна адзіночкі і жывуць асобна, але зімой у сцюжу стараюцца трымацца разам. “Кватэркі” Андрэя якраз разлічаныя на 5-6 асобін і запас арэхаў.

Гэтыя дамы, канешне, невялікія, але вавёркі адчуваюць сябе ў іх камфортна. Тут можна не толькі пераначаваць ці схавацца ад небяспекі, але і назапасіць у каморцы арэхаў.

Паркавую тэрыторыю зараз насяляюць прыблізна 15 вавёрак. Некаторыя адрозніваюцца звычкамі і нават колерам футра, але ж гастранамічны густ аднолькавы і амаль што гурманскі. Андрэй ужо вывучыў меню і ведае, чым ні ў якім разе частаваць хвастатых нельга.

Тры домікі супрацоўнікі ЖЭСа разам з біёлагамі спецыяльна размяшчалі з улікам штодзённых маршрутаў звяркоў і максімальна бяспечна ад іх наземных ворагаў. І, між іншым, гэта не апошняя такая забудова. Мікрараён вавёрак (як яго ўжо назвалі мясцовыя жыхары) плануецца пашыраць з ростам папуляцыі.