Вёску ў Гродзенскай вобласці заліваюць адходы мясцовай фермы

13 ноября 2018

Экалагічная катастрофа мясцовага маштабу. Вёску ў Гродзенскай вобласці заліваюць адходы мясцовай фермы. Пасля чарговага прарыву дамбы адстойніка некалькі двароў аказаліся затоплены гнаявой жыжкай, а вада ў калодзежах стала непрыдатнай для піцця. Хутка вырашыць праблему не атрымліваецца - сельгаспрадпрыемства знаходзіцца на стадыі банкруцтва. Аб наступствах надзвычайнага здарэння рэпартаж Юрыя Карняловіча.

Жыхар вёскі Мядзвінавічы Барыс Налівайка ваду з калодзежа нават свойскай жывёле не прапануе. Такая вадкасць, жартуе, толькі на паліў агарода добрая - адразу з арганічнымі ўгнаеннямі. А ўсё таму, што з фермы па суседстве некалькі дзён цяклі адходы прама на ўчасткі вяскоўцаў.

Прычына экалагічнай праблемы - вось гэтае практычна возера гнаявой жыжкі плошчай каля гектара і глыбінёй да 2 метраў. Падчас моцных дажджоў дамба не вытрымлівае, і ўся гэтая маса выцякае на вёску.

Чарговае надзвычайнае здарэнне адбылося днямі. Тоны бруднай вадкасці змяталі практычна ўсё на сваім шляху. У выніку калодзежы вяскоўцаў ператварыліся проста ў памыйныя ямы. Супрацоўнікі санстанцыі, якія прыехалі на месца, катэгарычна забаранілі ўжываць такую ваду.

Алена Шэйбак, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Дзятлаўскага раёна: "Мы адабралі пробы з чатырох калодзежаў, перавышэнне атрымліваецца па аміяку і нітратах. Напісана інфармацыя ў сельскі савет па пытанні забеспячэння дабраякаснай вадой. Гэта значыць альбо будуць арганізавана пастаўляць ваду, альбо прапанавана бутляваную ваду купляць".

У праблему давялося ўмяшацца Камітэту дзяржкантролю. Аказалася, што адстойнікі на ферме пабудаваныя самавольна і за імі ніхто не сочыць.

Дзмітрый Палівёнак, начальнік аддзела Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці: "Мы знаходзімся на лугавых землях сельскагаспадарчага прызначэння. Ферма старая, ніякіх ачышчальных збудаванняў на ёй не прадугледжана. Пад натуральным ухілам усё спускаецца сюды і адпаведна затапляе вёску. Пры тым што аб'ект, на якім мы знаходзімся, знаходзіцца ў водаахоўнай зоне ручая".

Каб хоць неяк выправіць сітуацыю, вадкасць з адстойнікаў сталі перапампоўваць на суседнія палі. На большае пакуль няма сродкаў. Мясцовая гаспадарка знаходзіцца ў стадыі банкруцтва.

Міхаіл Цімошка, антыкрызісны кіраўнік КСУП "Слава працы" Дзятлаўскага раёна: "Праблемай займаліся і летась, спрабавалі адвезці гэты ўвесь гной, адпампоўвалі. Праблема была. Але прадпрыемства банкрут, мы не здольныя яе вырашыць у поўным аб'ёме. Мы плануем гэты гной вывозіць, каб ачысціць пляцоўкі, каб у далейшым не дапусціць подтаплення вёскі".

Праўда, пакуль планы застаюцца толькі на паперы. З моманту надзвычайнага здарэння прайшло некалькі дзён, а ў вёсцы дагэтуль не арганізаваны падвоз чыстай вады. Вяскоўцы ж з надзеяй чакаюць надыходу халадоў. Гавораць, узімку патоп наўрад ці адбудзецца.