Вёска Міжлессе ў Лунінецкім раёне - сапраўдны маркоўны рай

30 октября 2013

У Брэсцкай вобласці Лунінецкі раён больш вядомы як клубнічны край. Салодкая ягада менавіта тут спее раней за ўсё, і на ёй імкнуцца зарабіць. Але ёсць тут яшчэ адна аграрная сталіца - маркоўная. У вёсцы Міжлессе карысны караняплод вырошчваюць адразу некалькі фермерскіх гаспадарак. У адной з іх вырасцілі такі ўраджай, які б мог забяспечыць амаль цалкам беларускі рынак.


Маштабы плантацый і маркоўныя горы ацаніла Вікторыя Патоня. Вёска Міжлессе ў Лунінецкім раёне сапраўдны маркоўны Кландайк. Карысны караняплод тут вырошчваюць у такіх колькасцях, што хапіла б на ўсіх жыхароў Беларусі. Некалі асушаныя балоты ператварыліся ва ўраджайныя землі.


Аляксандр Вялько, аграном фермерскай гаспадаркі Навіцкіх: Калі б не гэтая глеба, вырасціць канкурэнтаздольную моркву, якая б адказвала патрабаванням рынку і магла канкурыраваць з еўрапейскімі вытворцамі, проста немагчыма. Сама глеба вельмі лёгкая і добра спрыяе якасці прадукцыі.


Менавіта на гэтых землях 10 гадоў таму і стварыў свой бізнес Уладзімір Навіцкі. Сёння ён самы буйны прыватны вытворца морквы ў рэгіёне. За гэты час плантацыі павялічыліся васьміразова, да 370 гектараў. Працуюць круглы год. Зарабляюць на палях не толькі мясцовыя жыхары, прыязджаюць падзарабіць з райцэнтра.


Морква з зямлі вырываецца лёгка. Ды і жанчыны працуюць хутка, бо ад колькасці сабранага ўраджаю залежыць заробак. З кожным годам у гэтай фермерскай гаспадарцы ручная праца саступае месца механізаванай. Працуе спецыяльная тэхніка. Так, напрыклад, гэты камбайн прыбірае моркву з палёў на тэрыторыі 4 гектары зямлі за светлавы дзень. Гэта параўнальна з плошчай васьмі футбольных палёў. Таксама працуе ён на гусеніцах, што ідэальна падыходзіць для тарфянішчаў.


Сёлета збіраюць ураджай морквы 18 гатункаў галандскай селекцыі. Прадукцыю паралельна прадаюць і закладваюць на захоўванне. У гаспадарцы для гэтага 5 сховішчаў для агародніны на 20 000 тон.


Уладзімір Навіцкі, кіраўнік фермерскай гаспадаркі Навіцкіх: Сёлета ў нас як ніколі добры ўраджай выдаўся. Добра папрацавала каманда. Запоўненыя ўсе сховішчы. Вось тое, што вы бачыце, гэта мы звыш ураджаю атрымалі. Уся морква, якую мы вырасцілі, фактычна ідзе за межы рэспублікі, на расійскія рынкі.


Новым тэхналогіям фермерская гаспадарка паспяхова вучыцца ў еўрапейцаў. Прадпрыемства нават мае сталага кансультанта з Нідэрландаў. Менавіта ў Навіцкіх упершыню ў Еўропе з'явілася абсталяванне па сартаванні і перапрацоўцы морквы. Караняплод калібруюць на пяць памераў, мыюць, пакуюць, на ўласным грузавым транспарце адпраўляюць на экспарт.


Ян Лангерак, кансультант па вырошчванні, перапрацоўцы агародніны і агралагістыцы прыватнай кампаніі, Нідэрланды: Некаторы прагрэс у вытворчасці морквы ў Беларусі на прыкладзе гэтай кампаніі ёсць. На полі ўся тэхналогія па вырошчванні выконваецца, мадэрнізуецца лінія па перапрацоўцы. Тэхналагічны працэс на еўрапейскім узроўні, каб у наступным канкурыраваць на сусветным рынку.


У гаспадарцы ўпэўненыя: аснова паспяховага бізнесу не толькі ва ўжыванні сучасных тэхналогій, але і ў падыходзе да справы.