Дэндролагі б’юць трывогу

13 августа 2015

Дэндролагі б’юць трывогу: многія дрэвы пачалі падрыхтоўку да восеньскага перыяду на некалькі тыдняў раней за кліматычную норму. Ранняе скідванне лісця ў горадзе выклікана, у першую чаргу, анамальна гарачым надвор’ем і працяглай адсутнасцю ападкаў. Батанікі таксама ўключаюць актыўны рэжым ратавання кветак у садах і на клумбах. Як пераносяць гарачае лета прадстаўнікі флоры і фаўны?

Адказы шукала Надзея Сербіненка. На беразе Сляпянскай воднай сістэмы заўсёды шмат птушак, асабліва вадаплаўных. Але качкам-крыжанкам трыццаціпяціградусная спякота не нанесла шкоды. Тэмпература іх цела – каля сарака градусаў, тым не менш яны не будуць доўга знаходзіцца пад пякучым сонцам. Інстынкт самазахавання ў птушак развіты добра.

Калі птушкі могуць паклапаціцца пра сябе самі, то за флорай горада трэба сачыць людзям. Пажухлае лісце многіх дрэў, асабліва ўздоўж вуліц і магістраляў, хвалюе дэндролагаў.

Заўчаснае пажаўценне лістоты зараз даволі звыклая прыродная з’ява. Адсутнасць ападкаў і анамальная спёка значна паскорыла ападанне лісця. Таму зараз многія дрэвы ўжо ў сярэдзіне жніўня напалову страцілі сваю зялёную крону.

Каб захаваць зялёныя насаджэнні і не дапусціць поўнага асыпання лісця, работнікі зялёнага будаўніцтва робяць усё магчымае. Паліў дрэў, кустоўя і клумбаў адбываецца толькі ўначы, каб пазбегнуць эфекта лупы і не абпаліць лісце. Для клумбаў прадугледжана дзесяць літраў вады на квадратны метр, дрэвам жа неабходна пяцьдзясят літраў вадкасці на метр глебы.

У Цэнтральным батанічным садзе за станам раслін, асабліва з калекцый рэдкіх кветак і мнагалетнікаў, сочаць ўсё лета. Аўтаматычныя распыляльнікі вады працуюць тут не толькі ўначы, але і днём. Дарэчы, самі батанікі працуюць у садзе сорак хвілін, а дваццаць знаходзяцца ў памяшканні – у аранжарэях і лабараторыях.

А вось аграрыям такое надвор’е толькі на руку. Збожжа не патрабуе дадатковай апрацоўкі, калі колас не вільготны. Сонечныя дні дазваляюць хутка збіраць ураджай.