Дзень ведаў у Беларусі. За парты сядуць больш чым сто тысяч першакласнікаў

1 сентября 2018

Свята з асаблівай атмасферай! Дзень ведаў адкрывае новы навучальны год і аб'ядноўвае бацькоў, дзяцей, настаўнікаў па ўсёй краіне. У Беларусі першыя школьныя лінейкі прайшлі напярэдадні. У Верхнядзвінску вучні другой школы сустрэлі новы навучальны год у абноўленым будынку. І калі ў гарадах такая сустрэча збірае сотні гасцей, то ў сельскіх школах гэта вялікае сямейнае свята. Як, напрыклад, у пасёлку Неманіцы Барысаўскага раёна. Першы званок там празвінеў для васьмі першакласнікаў.

Іх павіншавала і наш калега Аляксандра Кавеліч.

Крыху нясмела, але з вялікай цікаўнасцю маленькі Багдан спяшаецца на сваю першую школьную лінейку. Напаследак парады ад старэйшай сястры і абавязкова фота ў сямейны альбом.

Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі хутка пазнаёмяцца адно з адным. У неманіцкай сярэдняй школе сёлета ўсяго 8 першакласнікаў. На ўрокі яны будуць прыязджаць з пяці найбліжэйшых вёсак.

Не менш хвалююцца і радуюцца старшакласнікі. У іх наперадзе новы этап. Больш дарослы і самастойны.

Знаёмства са школай або доўгачаканая сустрэча пасля канікул. Для гэтых вучняў сёння асаблівы, святочны дзень. Адкрываць сшыткі і падручнікі за партамі яны будуць толькі пасля выхадных. Першая чвэрць новага навучальнага года сёлета сімвалічна стартуе з панядзелка.

А тут школьнае свята адзначалі ў вялікай кампаніі. Доўгачаканы званок сёння прагучаў для паўтысячы вучняў другой школы Верхнядзвінска. Атрымліваць веды дзеці будуць у абноўленым будынку. Прасторныя кабінеты, поўнасцю абсталяваная спартыўная зала, а таксама лінгафонны кабінет. Цяпер вывучаць англійскую і нямецкую мовы будзе не толькі прасцей, але і больш займальна. Сучасныя тэхналогіі ў кожным класе. А дзякуючы сонечным калектарам на даху школа стала і энергаэфектыўнай.

Дзень ведаў аб'яднае вучняў, бацькоў і настаўнікаў з розных куткоў Беларусі.