Беларускаму радыё 93 гады!

15 ноября 2018

93 гады на нацыянальных хвалях! 15 лістапада 1925 года словамі "Увага, гаворыць Мінск" радыё загаварыла на беларускай мове, а радыёстанцыя літаральна ўварвалася ў кожны дом. Сёння гэтая культура імкліва развіваецца, становіцца ўніверсальнай і яшчэ больш тэхнічнай. Падрабязней - Вольга Мядзведзь.

Ад трыццаціхвілінных уключэнняў да пяці каналаў кругласутачнага вяшчання, ад непад'ёмных апаратаў і бабін са стужкай да эфіру ў адзін клік. За гады свайго існавання Беларускае радыё прайшло шлях ад звычайнай радыёкропкі да найбуйнейшай у краіне сучаснай медыяструктуры. 93 гады таму хвалі РВ-10 пасяліліся ў кожнай сям'і. Пазней яны прайшлі праз страшныя ваенныя гады і былі вестунамі самых трагічных і самых доўгачаканых радасных навін. А над адным матэрыялам, як кажуць, з палёў працаваў не толькі журналіст, але і цэлая брыгада аператараў, асістэнтаў, мантажораў і многіх іншых.

Зараз у структуры Белтэлерадыёкампаніі два агульнанацыянальныя каналы і тры радыёкропкі на любы густ і ўзрост. Напрыклад, Першы нацыянальны - гэта самыя актуальныя навіны, наша музыка і асобы, аўдыялітаратура і тэатр. Міжнародны вяшчальнік "Беларусь" гаворыць на 9 мовах па ўсім свеце. Свае прыхільнікі ёсць у такіх нечаканых кутках, як Бангладэш, Пакістан, Індыя, Новая Зеландыя і іншыя. У назве першай у краіне спецыялізаванай станцыі закладзены і асноўны напрамак - “Культура”. У гэтым сезоне 15-годдзе адзначыў моладзевы хітовы “Радыус FМ”, а рокавую дваццатку - "Сталіца".

Гэты будынак у Мінску першы на постсавецкай прасторы пабудаваны спецыяльна пад радыё. У сезоне 2018 юбілей адзначае будынак на Чырвонай, 4. У свой час яго ўзвялі ў самыя кароткія тэрміны: у 1959 Масква падпісала праект, і вось ужо 55 гадоў гэта сталае месца прапіскі і рэгулярнага вяшчання. 

У веданні радыйшчыкаў - першакласныя гуказапісвальныя студыі. Менавіта тут галасамі хору пад акампанемент аркестра ствараюцца эталонныя аўдыё, а на месца ў шчыльным графіку прэтэндуюць нават сусветныя зоркі, як “Рамштайн”.