Дзень Незалежнасці прайшоў у Мінску з асаблівым размахам

4 июля 2015

Фестываль па спартыўным экстрыме, танцавальны флэшмоб, выстава рарытэтных аўто і стравы нацыянальнай кухні... Дзень Незалежнасці прайшоў у Мінску з асаблівым размахам. У кожным раёне прайшлі кірмашы, гасцей забаўлялі артысты і музыканты. Цэнтральнай пляцоўкай для святкавання стаў Палац спорту. Гандлёвыя рады тут расцягнуліся на 13 з паловай тысяч квадратаў, а летнія кафэ маглі адначасова абслужыць 2 тысячы гасцей. Сваю асаблівую праграму падрыхтавалі ў батанічным садзе і Верхнім горадзе.

Асалоду ад класічнай музыкі і водару кветак госці атрымалі ў батанічным садзе. Там адначасова распусціліся амаль 300 сартоў руж! Сярод маляўнічых пейзажаў устанавілі раяль, на якім на працягу дня акампаніятар выконваў папулярныя кампазіцыі.