Дзень Незалежнасці адзначаць па ўсёй краіне

2 июля 2013

Заўтра на поўдні, у Брэсце, правядуць пляжную дыскатэку, а ў Гомелі ўпершыню адбудзецца бульбяны хіт-парад і выстава страў беларускай кухні.


Як рыхтуюцца гарады да галоўнага свята краіны, распавядзе Аляксандр Харавец.


Міхаіл Демянцей пакуль чаканіць крок у красоўках. Адгэтуль і невялікія хібы ў страі. Але ўжо заўтра падчас спартыўна-маладзёжнага шэсця ўсё будзе ідэальна. Строй флаганосцаў павінен скласці канкурэнцыю роце ганаровай варты.


Рыхтуецца да ваеннага парада, прысвечанага Дню Незалежнасці, і самы юны ўдзельнік. Жэня Гатоўчык пакажа ўсе прыёмы каратэ, якія вывучыў за 4 гады. І дакажа, што нават 12-гадовы хлапчук зможа пастаяць за сябе. І не толькі.


Назіраць за ўрачыстасцямі прыйдуць дзясяткі тысяч гледачоў. І яшчэ больш затым прадоўжаць святкаваць Дзень Незалежнасці па ўсёй сталіцы.


Сёння ў гістарычных даведках можна знайсці такія лічбы - беларускія гарады падчас вайны былі разбураныя на 70, 80 і нават 90 працэнтаў. Але людзі не бачылі гэтых страшных лічбаў, яны павольна дзень за днём будавалі свае дамы, каб сёння нішто не нагадвала пра разбурэнні. Новыя гарады, адноўленыя ў літаральным сэнсе з руін, лепшы падарунак тым, хто ваяваў за незалежнасць сваёй краіны.


Тое, што свята ва ўсёй краіне, зразумела пры ўездзе ў кожны горад. Флагі і расцяжкі - усюды.


Ужо па традыцыі ўрачыстасці ў Магілёве пачнуцца на Буйніцкім полі. Дзеці і ветэраны ўскладуць кветкі да мемарыяльнага комплексу.


Парад і шэсце чакае жыхароў Віцебска. Затым свята прадоўжыцца ў парках і скверах Паўночнай сталіцы.


Сустракае Дзень Незалежнасці і Брэст. Стартуе свята ў крэпасці-героі ўскладаннем кветак да абеліска Вызваленне і Вечнага агню.


Генадзь Барысюк, намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама: Мерапрыемствы пачнуцца ў 11 гадзін на плошчы Свабоды з ускладання кветак да помніка абаронцам горада Брэста. Затым у Брэсцкай крэпасці будзе ўскладанне да Вечнага агню. Асноўныя мерапрыемствы будуць праходзіць на плошчы Леніна, якія пачнуцца ў 21:00. Гэта будзе канцэрт з удзелам мастацкай самадзейнасці калектываў вобласці і горада, які плыўна перацячэ ў рэспубліканскую акцыю Праспяваем гімн разам.


А вось у Гомелі самай запамінальнай падзеяй заўтрашняга свята стане бульбяны хіт-парад. Арганізатары абяцаюць пачаставаць бульбай кожнага, а ад гледачоў чакаюць як мінімум сваіх арыгінальных рэцэптаў.


Кульмінацыяй свята ва ўсіх гарадах краіны без выключэння стане акцыя Праспяваем гімн разам. А пасля неба расфарбуе святочны салют.