Дзень Незалежнасці. 25-ую гадавіну суверэнітэту краіна адзначыла маштабнымі гуляннямі

4 июля 2016

Два галоўныя словы гэтых дзён - Свабода і Перамога. Менавіта яны гучалі ў віншаваннях у кожным горадзе краіны - на праспектах, вуліцах і ў парках. Менавіта духам Свабоды і Перамогі - быў "працяты" ўвесь гэты дзень - 3 ліпеня. Па ўсёй Беларусі - сотні святочных пляцовак, канцэрты, кірмашы, флэш-мобы. Удзел ва ўрачыстасцях прынялі больш за мільён чалавек.

У сталіцы ўрачыстасці пачаліся з парада войскаў Мінскага гарнізона.

А ўжо ўвечар беларусы ўсе разам праспявалі гімн нашай краіны. Пасля самага маштабнага нацыянальнага хору неба расфарбаваў святочны салют. Рэтраспектыва 25-га дня Незалежнасці - у сюжэце Юліі Грызунт.

У гэты дзень ужо па традыцыі кожны з нас глядзіць у неба часцей, чым звычайна. Некалькі хвілін, каб спыніцца і злавіць імгненне: вось залпы святочных салютаў размалёўваюць неба над Беларуссю - гэта фінал галоўнага свята краіны, а вось фігуры вышэйшага пілатажу над вялікім горадам - самалёты-штурмавікі, знішчальнікі, верталёты, група "Белая Русь" фактычна, старт вялікага святкавання.

На парадзе - унукі побач з дзядамі і прадзедамі, з аповедаў старэйшых малодшыя ведаюць, што такое вайна і чаму гэта ніколі не павінна паўтарыцца. У Дзень вызвалення Мінска ў самым сэрцы горада гледачы ўбачылі ўсё лепшае, што стаіць на ўзбраенні нашых вайскоўцаў, а, значыць, нашай краіны. Адкрыў парад Кіраўнік дзяржавы. Словамі падзякі тым, хто цаной свайго жыцця абараніў суверэнітэт.

У гэты дзень уся краіна - адна вялікая святочная пляцоўка. Ужо пасля галоўнай падзеі дня - ваеннага парада - што паглядзець можна знайсці ў любой кропцы на карце сталіцы - і Беларусі. У кожным рэгіёне - свае асаблівыя ўрачыстасці - але ўсё - пад дэвізам свята і ўсмешак.

У Гомелі, напрыклад, запусцілі паветраных змеяў, а ў Віцебску беларусаў чакала танцавальная праграма ў стылі рэтра.

Свае адметнасці, зразумела, знайшлі і ў сталіцы. Напрыклад, у Лошыцкім парку прайшоў фестываль "холі", дзе беларусы ў прамым сэнсе зрабілі яркім дзень і… адзін аднаго. Акрамя таго, на карце падзей і ўжо сапраўды ў памяці ўспамінамі і на фатаграфіях - адгукнуліся сотні кірмашоў, канцэртаў, флэш-мобаў... Сярод беларусаў у "цывільным" можна было сустрэць і тых, хто літаральна павярнуў час назад. Напрыклад, супрацоўнікі музея гісторыі Мінска ўзнавілі 3 ліпеня 1944 года!

Усяго напярэдадні на карце нашай краіны можна было адшукаць 517 святочных геатэгаў - менавіта столькі канцэртных пляцовак працавалі для беларусаў. Толькі сюды, да стэлы "Мінск - горад-герой" напярэдадні раніцай прыйшлі больш як 350 тысяч мінчан, каб на свае вочы ўбачыць урачысты парад. Дзень Незалежнасці літаральна ад заходу і давідна святкавалі больш за мільён беларусаў па ўсёй краіне.

І ўсё разам напярэдадні ўвечар, роўна без пяці адзінаццаць, яны заспявалі нацыянальны гімн - унісонам у сотні тысяч галасоў.

Адразу пасля ў гонар галоўнага свята мірнае неба над Беларуссю афарбавалася ва ўсе колеры вясёлкі. Нават нягледзячы на тое, што надвор'е пад вечар сапсавалася - на зямлі сотні тысяч беларусаў апладзіравалі святочным залпам, якія сталі фінальным акордам вялікага святочнага дня. Дня, калі яшчэ раз успамінаеш, як важна, што мы разам.