Дзень горада адзначае беларуская сталіца

13 сентября 2019
Беларуская зямля  гасцінная і адкрытая для новых кантактаў, ды і ў цэлым для  гасцей  нашай краіны. А ў гэтыя выхадныя тут асабліва цікава. Дзень горада адзначае беларуская сталіца. Свята ўжо пачалося. Асаблівую атмасферу стварае і дэкор вуліц і праспектаў. Не саступае  і сама праграма -  жыхарам і гасцям сапраўды будзе цікава! Куды адправіцца па эмоцыі і настрой,  вывучыў Ілья Цвяткоў.

Пад звон кальчуг і коп’яў. Рэжысёр і галоўны рыцар Ігар Усенка сёння на пляцоўцы з самай  раніцы. Яго задача - узнавіць атмасферу мінулага. Прама на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава вырас сапраўдны горад у горадзе. Тут заўтра і разгорнецца фестываль гістарычнай рэканструкцыі. Дзевяць стагоддзяў з жыцця горада праляцяць за адзін дзень. 

Гістарычная рэканструкцыя ўжо гатова сустракаць гасцей. Тут ужо ўсталяваныя сцэны, трыбуны і ўсё неабходнае. Засталося дачакацца саміх удзельнікаў. Зусім хутка яны прыбудуць сюды ў поўным абмундзіраванні і ўзбраенні. Пачатак заўтра а 11-й гадзіне.

Сапраўднае супрацьстаянне  і ля Палаца спорту. Не сярэдневяковае, а спартыўнае. Тут выбіраюць наймацнейшага пажарнага-ратавальніка. На турнір з'ехаліся прадстаўнікі дзесяці краін. Першыя забегі індывідуальнай эстафеты адбыліся ўжо сёння.

Драйву дададуць байкеры. Аматары вострых адчуванняў закрыюць мотасезон. Калона з 8 тысяч удзельнікаў праедзе ад Кургана Славы да Палаца спорту. У праграме мотафестывалю  шоу каскадзёраў і рок-канцэрт. Тут жа будзе шумець і кірмаш майстроў. Новай святочнай пляцоўкай стане Кастрычніцкая плошча. На сцэне пад акампанемент Прэзідэнцкага аркестра будуць ушаноўваць уладальнікаў ганаровага звання "Мінчанін года". Пазнаёміцца з культурай розных краін па традыцыі можна будзе ў Верхнім горадзе. Шумная інтэрнацыянальная пляцоўка ўвечары стане камернай - тут выступяць артысты балета Музычнага тэатра. 

Перформансы, пастаноўкі вулічных тэатраў, выступленні кавер-бэндаў - усё гэта рыхтуюць удзельнікі праектаў No Stage і "Пешаходка". Дзіцячыя заезды на бегавелах, забегі на абцасах, мотагонкі, фестываль аматараў паркура і варкаўта. Па ўсім горадзе   дзясяткі лакацый. Святочную эстафету ў нядзелю падхопіць Мінскі паўмарафон. 5, 10 і 21 кіламетр пераадолеюць тысячы бегуноў. Ужо зарэгістравана рэкордная колькасць удзельнікаў.